Страшная аварыя ў Глускім раёне: загінулі пенсіянерка і яе ўнучка (фота)

Фота: Следчы камітэт
Страшная дарожная аварыя адбылася ў Глускім раёне ўвечары 11 лістапада: аўтамабіль “Хонда” каля вёскі Докаль сутыкнуўся з МАЗам, у выніку чаго загінула два чалавекі. За рулём легкавіка была жанчына, якая везла сваю маці-пенсіянерку і дзвюх дочак. Загінула бабуля і шасцігадовая ўнучка, яшчэ адна дзяўчынка 2006 года нараджэння трапіла ў лякарню. Шпіталізаваны таксама пасажыр МАЗа, кіроўцы абодвух транспартных сродкаў не пацярпелі.
Як паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, абодва кіроўцы былі цвярозымі. Па факце здарэння распачатая крымінальная справа — парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць дзвюх асобаў (ч.3 арт.317). Цяпер следчыя шукаюць сведкаў здарэння і высвятляюць усе акалічнасці гэтай трагедыі.