Ва Украіне знайшлі 100 грузавікоў, якія скралі ў беларускага завода (фота)
Фота: ssu.gov.ua
Ва Украіне знайшлі больш за 100 грузавікоў, якія скралі ў беларускага завода. Як паведамляе прэс-служба СБУ, тры гады таму кіраўнікі камерцыйнай структуры падпісалі дамову з прадстаўніком Мінскага аўтамабільнага завода ва Украіне на пастаўку 150 грузавікоў МАЗ з прычэпамі на агульную суму больш за 15 мільёнаў долараў. Аднак атрыманы аўтатранспарт камерсантамі быў прададзены іншым прадпрыемствам, грошы праз падстаўныя камерцыйныя структуры былі пераведзеныя ў наяўныя і скрадзеныя.
СБУ разам з паліцыяй выйшлі на след махляроў. Днямі з прыцягненнем спецыялістаў МАЗа былі праведзеныя ператрусы на аўтатранспартных прадпрыемствах Хмяльніцкай, Мікалаеўскай, Запарожскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай і Кіраваградскай абласцей. Па іх выніках была канфіскавана частка скрадзеных грузавікоў. Распачатая крымінальная справа па артыкуле "махлярства", працягваюцца следчыя дзеянні.
Адзначаецца, што дзеянні махляроў "маглі прывесці да негатыўных наступстваў для міжнароднага іміджу [ўкраінскай] дзяржавы".