Падчас нападу ў ГЦ “Еўропа” ніхто не званіў ў экстраныя службы 6 хвілінаў
Фота: Onliner.by
Падчас нападу ў сталічным гандлёвым цэнтры “Еўропа” ніхто са сведкаў здарэння не званіў у экстраныя службы цягам ажно шасці хвілінаў. Пра гэта паведаміў у Твітары прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі.
“Адзіны ўрок, які кожны павінен засвоіць — кожны відавочца абавязаны тэлефанаваць 102, 103, ды можна і 101. Тут шэсць (!!!) хвілінаў бяздзеяння”, — абураецца прадстаўнік міністэрства.
У той жа час ён адзначае, што беларусы не маюць навыка дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях.
“Так, гэта праўда. Бачу, што для многіх гэтая гісторыя нібы пра іншую краіну. Мы не гатовыя дапускаць нават магчымасць падобнага ў Беларусі”, — піша Віталь Навіцкі.
У каментарах да яго допісаў карыстальнікі Твітара таксама адзначаюць, што людзі могуць разгубіцца ў падобнай сітуацыі, а калі сведак шмат, то могуць нікуды не тэлефанаваць, бо ўпэўненыя, што гэта ўжо зрабіў нехта іншы.
Нагадаем, што 8 кастрычніка каля 17.30 малады чалавек 1998 года нараджэння зайшоў у гандлёвы цэнтр “Еўропа” з чахлом ад музычнага інструмента і бензапілой. Гэтай бензапілой ён нанес цялесныя пашкоджанні жанчыне 1973 года нараджэння, якая загінула на месцы здарэння. Затым ён дастаў з чахла сякеру і напаў на яшчэ адну жанчыну, 1970 года нараджэння. Яна шпіталізаваная і атрымлівае неабходную медыцынскую дапамогу.