Рэпер Сярога пра авіяздарэнне: Дзякуй праваахоўнікам, што хутка разабраліся
Фота: hochu.ua
Беларускі рэпер Сярога не стаў тлумачыць журналістам, што ж адбылося зранку 6 кастрычніка ў маскоўскім аэрапорце "Унукава", перадае ria.ru.
Раней паведамлялася, што музыка беларускага паходжання заявіў, быццам на борце самалёта Масква-Мінск знаходзіцца бомба. Так, па версіі службаў аэрапорта Сяргей Пархоменка хацеў затрымаць рэйс, на які спазніўся.
У каментары Еўрарадыё прадзюсар рэпера Аляксандр Талмацкі абверг датычнасць Сярогі да "мініравання" самалёта. Пагатоў, што праваахоўнікі вельмі хутка адпусцілі затрыманага паля допыту. Талмацкі абяцаў, што ўвечары Сярога дасць прэс-канферэнцыю.
Тым часам у расійскіх СМІ з'явіліся падрабязнасці здарэння: быццам рэпер спазніўся на рэйс і прасіў затрымаць самалёт. Калі яму адмовілі, Сярога нібыта жартам спытаўся: "А калі я скажу, што на борце бомба?"
Пры сустрэчы з журналістамі Сярога адмовіўся даваць нейкія тлумачэнні наконт здарэння. Ён толькі заявіў, што гэтая гісторыя павінна павысіць цікавасць да яго новаму альбома.
"Кажуць, што піяр лішнім не бывае — нават такі. Дзякуй за такую ўвагу да маёй персоны. І дзякуй праваахоўным органам за тое, што хутка разабраліся", — заявіў музыка журналістам, павярнуўся і сышоў.