Тры чалавекі загінулі ў страшнай аўтааварыі пад Рагачовам (фота)
Фота: БЕЛТА
Пры лабавым сутыкненні аўтамабіляў пад Рагачовам загінулі тры чалавекі, інфармуе БЕЛТА.
ДТЗ адбылося на трасе Рагачоў-Быхаў паміж 16-й і 17-й гадзінамі. Мяркуецца, што кіроўца легкавога аўтамабіля "Кіа" на рэзкім павароце не справіўся з кіраваннем і выехаў паласу сустрэчнага руху. Там ён улабавую сутыкнуўся з аўтамабілем "Рэно".
Аварыя была настолькі страшнай, што пярэднія часткі абодвух аўтамабіляў ператварыліся ў змятыя гармонікі. Пры аварыі загінулі кіроўцы абодвух аўто — жанчына і мужчына. Таксама загінуў і адзін з пасажыраў. Яшчэ два чалавекі пацярпелі пры аўтааварыі — жанчына і дзіця. Іх даставілі ў лякарню.
На месцы здарэння працуюць прадстаўнікі праваахоўных органаў. Паведамляецца, што праезд па трасе будзе закрыты на працяглы час, пакуль будуць высвятляцца ўсе абставіны здарэння.