Жыхар Мінска прадаваў на рынку ровары, якія браў у пунктах пракату
Здымак з архіву. Фота: БЕЛТА
Жыхар Мінска прадаваў на рынку ровары, якія браў у пунктах пракату. Яго затрымалі. Вядомыя ўжо 10 фактаў продажу арандаваных ровараў.
Як інфармуе прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Таццяна Абозная, мужчыне 39 гадоў, ён нідзе не працуе. Раней ён быў неаднаразова судзімы за маёмасныя злачынствы. Дамовы арэнды ровараў на тэрмін ад гадзіны да сутак ён афармляў на сваё імя. Пасля гэтага ён ехаў на адзін са сталічных рынкаў і прадаваў ровар за 80 рублёў.
Мужчына патлумачыў, што грошы выдаткоўваў на асабістыя патрэбы, пераважна купляў алкагольныя напоі. Высветлілася, што зламыснік прасіў знаёмых аформіць на іх імя дамову арэнды ровара, а яго перадаць яму. Казаў, што ў госці прыехалі сваякі і ён хоча здзейсніць з імі велапрагулкі.
Цікава, што супрацоўнікі пунктаў пракату спачатку спрабавалі сваімі сіламі вярнуць ровары, тэлефанавалі на нумары, пакінутыя ў дамове арэнды. Мужчына адказваў, абяцаў вярнуць транспартны сродак, але насамрэч проста цягнуў час. Толькі праз 1-4 тыдні ў міліцыю былі пададзеныя заявы. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "махлярства" (арт. 209 КК). На дадзены момант пункты пракату змаглі вярнуць толькі два ровары.