На “Клецкай крыначцы” адбылася ўцечка аміяку

На прадпрыемстве “Клецкая крыначка” адбылася ўцечка аміяку. Гэта здарылася раніцай 23 жніўня падчас рамонтных працаў у кампрэсарным цэху. Планавыя працы праводзілі прадстаўнікі сталічнай кампаніі. Адбылася разгерметызацыя фланцавага злучэння ў сістэме трубаправодаў, дзе было каля 7 тон аміяку. Апаратна-праграмны комплекс, які паведамляе пра няспраўнасці і ўцечкі, быў адключаны ў сувязі з рамонтам.
Як паведамляе прэс-служба МНС, на месца здарэння накіравалі 14 падраздзяленняў выратавальнікаў, у тым ліку службу хімічнай і радыяцыйнай абароны. На момань прыбыцця спецыялістаў МНС уцечку ўжо спынілі. Для перадухілення выхаду аміяку з кампрэсарнай выратавальнікі зрабілі вадзяную загароджу. Тэхналагічны працэс прадпрыемства парушаны не быў.
Падчас здарэння ў кампрэсарнай былі начальнік аміячнай кампрэсарнай, 2 аператары і двое работнікаў мантажнай арганізацыі. Начальнік цэху трапіў у рэанімацыю з хімічным апёкам.
Імаверна, што прычынай уцечкі быў знос пракладкі фланцавага злучэння сістэмы трубаправодаў.
Завод у Клецку з’яўляецца філіялам Слуцкага сыраробчага камбіната.