Ваўчыца пакусала на Мазыршчыне дзвюх жанчын (фота)
Фота: mchs.gov.by
Дзве жыхаркі Мазырскага раёна пацярпелі ад нападу ваўчыцы, інфармуе Гомельскае абласное ўпраўленне МНС.
Першае паведамленне пра пацярпелую жанчыну паступіла ўвечары 19 жніўня. Да ратавальнікаў звярнулася фельчар хуткай меддапамогі і паведаміла, што ў вёсцы Акулінка ваўчыца напала на мясцовую жыхарку. На месцы выкліку ратавальнікі выявілі, што здарэнне адбылося каля 16-й гадзіны. Ваўчыца (як мяркуецца, шалёная) зайшла на адзін з падворкаў у вёсцы і ўкусіла 62-гадовую пенсіянерку. Пасля гэтага ваўчыца ўцякла ў бок лесу, а жанчына на сваім аўто прыехала ў мясцовую лякарню.
Праз паўтары гадзіны пасля гэтага здарэння ў той жа вёсцы ваўчыца напала на 64-гадовую пенсіянерку, якая сядзела на лавачцы. Жанчына паклікала на дапамогу, і яе крыкі пачуў мазырскі ратавальнік. які разам з бацькам прыехаў у вёску на сваё лецішча. Віламі і рыдлёўкамі мужчыны адагналі жывёлу і забілі.
Паведамляецца, што ваўчыца ўкусіла адну з пенсіянерак у правы локаць. Жанчына ад шпіталізацыі адмовілася.
Другую пацярпелую шпіталізавалі з дыягназам "укушаная рана правай кісці, адкрыты пералом другой запясцевай косткі".