У Лунінецкім раёне мужчына спрабаваў забіць сябе з дапамогай газу
Фота: sputnik.by
Жыхар горада Мікашэвічы Лунінецкага раёна спрабаваў скончыць жыццё самагубствам ва ўласным доме. Здарэнне адбылося позна ўначы 19 жніўня, паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.
У 22.55 у аднапавярховым драўляным доме, які належыць 43-гадоваму непрацуючаму мужчыну, адбылася ўспышка газапаветранай сумесі. Дом, аднак, не загарэўся. Лекары брыгады хуткай медыцынскай дапамогі забралі гаспадара ў прыёмны пакой Мікашэвіцкага аддзялення Лунінецкай раённай лякарні. Пасля агляду высветлілася, што шпіталізацыя яму не патрэбная.
Успышка не парушыла апорныя канструкцыі дома, хіба што аплавілася палімернае аздабленне ў кухні ды крыху пашкоджанае ўнутранае аздабленне дома.
Спецыялісты высвятляюць прычыну ўспышкі. Мяркуецца, што гаспадар спрабаваў пакончыць з сабой.