На будоўлі метро ў Мінску пашкодзілі трубаправод
На будоўлі метро ў Мінску пашкодзілі трубаправод, з-за чаго жыхары дамоў на вуліцах у цэнтры горада мелі праблемы з водазабеспячэннем. Участак трубы дыяметрам 600 мм зачапілі ўдзень 20 жніўня падчас будаўнічых работ у раёне плошчы Багушэвіча і вуліцы Клары Цэткін — акурат там цяпер будуюць новую станцыю трэцяй лініі метро “Плошча Францішка Багушэвіча”.
Як паведамляе TUT.by са спасылкай на прэс-службу “Мінскводаканала”, найбольшая колькасць зваротаў з нагоды адсутнасці вады паступала ад жыхароў дамоў па вуліцах Калектарнай, Сухой, Шорнай, Карла Маркса і дамоў № 11-17 па праспекце Незалежнасці.
Да 13.00 водазабеспячэнне было часткова адноўленае, а праз некалькі гадзінаў усіх абанентаў падключылі да вады. На пашкоджаным участку вядуцца аднаўленчыя працы.