У Мінску мужчына страляў у праваахоўнікаў з сігнальнага пісталета
Фота: mvd.gov.by
У Мінску мужчына страляў у праваахоўнікаў з сігнальнага пісталета. Здарэнне адбылося ў раёне вуліцы Каліноўскага. Як інфармуе прэс-служба МУС, патрульныя зрабілі заўвагу траім мужчынам, якія пілі піва ў скверы па вуліцы Каліноўскага. Аднак тыя пачалі паводзіць сябе агрэсіўна, а адзін з іх дастаў... пісталет. Патрульныя адбеглі на некалькі дзясяткаў метраў, схаваліся за дрэвамі і выклікалі дапамогу.
Калі мужчыны пайшлі са сквера, патрульныя вырашылі за імі сачыць і былі... абстраляныя. Зламыснікі разбегліся. Аднак стралка неўзабаве затрымаў іншы патрульны нарад, які прыйшоў на дапамогу. Высветлілася, што ў мужчыны быў сігнальны пісталет Ekol Viper 2.5. Раней ён яго ўжо выкарыстоўваў у высвятленні адносін. Сябры "стралка" самі здаліся міліцыі. Праводзіцца расследаванне здарэння.