Жыхарка Пухавіцкага раёна пасля знаёмства ў Facebook страціла $10 тысяч
Фота: Reuters
Жыхарка Пухавіцкага раёна пасля знаёмства ў Facebook страціла 10 тысяч долараў. 41-гадовая жанчына звярнулася з заявай у Першамайскае РУУС сталіцы, яна просіць правесці праверку па факце здзяйснення ў яе адносінах махлярскіх дзеянняў.
Як паведамляе прэс-афіцэр Першамайскага РУУС Вольга Куцько, у траўні сёлета ў Facebook згаданая жанчына пазнаёмілася з мужчынай, які прадставіўся, як Nova Gabriele, жыхар амерыканскага штата Фларыда. Ён хутка ўвайшоў у давер, неўзабаве пачаліся "рамантычныя адносіны". Раптам "амерыканец" распавёў, што яго карабель, на якім ён плыў з ЗША ў Аўстрыю, атрымаў пашкоджанні і на пэўны час затрымаўся ў Міжземным моры. А пасля на караблі з'явіліся... піраты, з-за чаго карабель Nova Gabriele спыніўся каля вострава Лесбас. Каб захаваць свае 750 тысяч фунтаў стэрлінгаў, мужчына папрасіў даверлівую беларуску атрымаць ад яго імя пасылку з грашыма, і яна пагадзілася.
Жыхарка Пухавіцкага раёна аплаціла дастаўку пасылкі, перавяла на рахунак турэцкага банка 2 290 долараў. Неўзабаве на электронную пошту прыйшоў ліст з патрабаваннем перавесці для аплаты ўсіх пошлін яшчэ 7 740 долараў. Беларуска грошы перавяла. Дарэчы, яе знаёмы ўжо перастаў адказваць на яе паведамленні, а пасля закрыў ёй доступ да сваёй старонкі.
Першы намеснік начальніка Першамайскага РУУС Мінска падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Грамовіч папярэджвае грамадзян пра небяспеку падчас зносін з незнаёмымі людзьмі ў сацсетках. Звычайна вярнуць скрадзеныя махлярамі грошы вельмі цяжка. Па выпадку з жыхаркай Пухавіцкага раёна праводзіцца праверка.