Фолк-фестываль "Камяніца 2016" абвесціў першых артыстаў
10 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца восьмы штогадовы фолк-фестываль «Камяніца». Мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».
Фолк-фестываль «Камяніца» ўпершыню адбыўся ў 2009 годзе і з таго часу стаў адным з галоўных мерапрыемстваў для ўсіх, хто цікавіцца беларускай нацыянальнай культурай — ад старых традыцый да сучасных інтэрпрэтацый, ад музыкі да рамёстваў і танцаў.
Першымі абвешчанымі артыстамі «Камяніцы 2016» сталі энергічныя ўкраінскія фолк-рокеры «Тарута», культавы расійскі этна-трансавы калектыў «Оле-Лукойе», сапраўдны беларускі рок-гурт Re1ikt і добра вядомы аматарам класічнага беларускага фолку ансамбль «Ветах» на чале з Вячаславам Калацэям.
— Кожны год пры выбары артыстаў мы намагаемся спалучаць лепшых беларускіх фолк-выканаўцаў з якаснымі замежнымі, пажадана без досведу выступаў у Беларусі. У гэтым годзе баланс практычна ідэальны, але галоўныя імёны яшчэ наперадзе, — адзначыў каардынатар фестывалю Сяргей Чэгрынец.
Арганізатары «Камяніцы» традыцыйна прымаюць заяўкі на ўдзел у кірмашы нацыянальнай культуры, які штогод збірае на фестывальнай пляцоўцы рамеснікаў, тэматычныя гульні і забавы, адукацыйныя ініцыятывы і прадстаўнікоў візуальных мастацтваў (жывапіс, графіка, фатаграфія). Перавага надаецца найбольш арыгінальным праектам, працуючым у беларускім кантэксце. Заяўкі можна адпраўляць да 25 жніўня на адрас kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі. Квіткі на фестываль з’явяцца ў продажы ў сярэдзіне жніўня.
Фестываль «Камяніца» (відэа):
Сачыце за навінамі фестывалю!