З гродзенскай лякарні ўцякла жанчына на дзявятым месяцы цяжарнасці (фота)
Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама
Гродзенская міліцыя абвясціла ў вышук 30-гадовую мясцовую жыхарку Ірыну Дзямяненка. Як паведамляе АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна на сайце міліцыі, каля 4-й гадзіны раніцы 24 ліпеня жанчына, якая знаходзіцца на 9-м месяцы цяжарнасці, самавольна пакінула Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр.
Паведамляецца, што на момант сыходу жанчына была апранутая ў кароткую ружовую сукенку, чорныя калготкі. На нагах у яе былі чорныя пантофлі на высокім абцасе. Пры сабе яна мела два поліэтыленавыя пакеты з вопраткай.
На выгляд ёй 30 гадоў, рост каля 162 см. Жанчына мае хударлявы целасклад. Валасы цёмна-русага колеру даўжынёй ніжэй за плечы, мочкі вушэй праколатыя. На вялікім пальцы левай рукі яна мела срэбраны пярсцёнак з малюнкам.
Інфармацыю пра зніклую жанчыну просяць паведаміць у АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна па тэлефоне (8-0152) 79-68-06 альбо праз нумар 102.