"Плошча паменшае на 100 кв. см". Жыхары хрушчоўкі канфліктуюць з камунальнікамі з-за капрамонту

Источник материала:  
21.07.2016 09:35 — Разное

Канфлікт разгарэўся ў доме № 6 па Віцебскім праспекце ў Магілёве. Дом — тыповая хрушчоўка 1961 года пабудовы, дзе кухня 5 «квадратаў», цесны сумешчаны санвузел і калідор такі, што двум чалавекам не размінуцца. Капрамонту, кажуць жыхары, не было ў ім за ўвесь перыяд існавання. Летась, нарэшце, дайшла чарга і да гэтага дома, але перамены не для ўсіх сталі прыемнымі.


Праектам прадугледжана замена сістэм ацяплення, труб халоднага водазабеспячэння і каналізацыі. І калі з ацяпленнем пытанняў не ўзнікла, то па каналізацыі яны ёсць. Справа ў тым, што па старым праекце каналізацыйная труба лічылася агульнай для дзвюх суседніх кватэр. Для гэтага ў адной з кватэр маецца ніша. Паводле новых правілаў, труба павінна з’явіцца яшчэ і ў той кватэры, дзе яе не было. А гэта значыць, што і без таго маленькі санвузел стане яшчэ больш цесным.

Вячаслаў Астапаў і яго суседзі паверхам ніжэй лічаць, што іх правы ўшчамляюцца.

Кватэры ў іх прыватызаваныя, яны плацілі за прыватызацыю з улікам тых самых сантыметраў, якія зараз у іх збіраюцца забраць. «Плошча нашых санвузлоў паменшае на 100 квадратных сантыметраў. Для памяшкання агульнай плошчай 2,87 метра гэта адчувальна», — тлумачыць Дзяніс Жукаў.

Ён дэманструе невялічкую прастору санвузла, дзе сапраўды кожны сантыметр на ўліку. Напрыклад, ад унітаза да пральнай машыны — 10 сантыметраў. Роўна столькі, на колькі прыйдзецца перасунуць унітаз, каб вызваліць месца для каналізацыйнай трубы.

Камунальнікі параілі наогул прыбраць пральную машыну. Але куды? Кухня і калідор у хрушчоўцы такія ж малюсенькія.

Дзяніс Жукаў вядзе перапіску з афіцыйнымі ўстановамі, але яго пратэсты супраць пагаршэння жыллёвых умоў ігнаруюцца. Малады чалавек уважліва вывучыў Жыллёвы кодэкс і ўпэўнены, што яго проста ігнаруюць.

«У дагаворы напісана, што будзе праведзены капрамонт унутраных інжынерных сістэм, а тое, што нам прапаноўваюць, называецца мадэрнізацыя, бо стары каналізацыйны стаяк мяняецца на 2 новыя, — кажа Дзяніс. — Акрамя гэтага, у раздзеле 1 артыкула 98 чорным па белым напісана: „Да пачатку правядзення рамонту трэба з удзельнікам ад жыхароў правесці агляд памяшканняў для ўдакладнення аб’ёмаў і відаў работ са складаннем акта абследавання, які з’яўляецца падставай для карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі“. Але нас пазбавілі права на гэту карэкціроўку».

«У нас ніколі не было праблем з каналізацыяй — труба чыгунная, 43 гады стаяла і яшчэ столькі ж прастаіць, — згодна з Дзянісам яго цешча, якая з’яўляецца ўласніцай гэтай кватэры. — З 2010 года мы пісалі ў ЖРЭУ і райвыканкам, каб нам правялі гарачую ваду. Кожны год нас абяцалі ўключыць у спіс, але безвынікова. У дамах пазнейшай забудовы зрабілі, а нам не. Цяпер гэтая паслуга стала платная. Мы змірыліся і купілі сабе воданагравальнае абсталяванне. Яно займае месца, але ж без яго нікуды. Але каналізацыйны стаяк нам у кватэры не патрэбен. Вы ж самі бачыце, што гэта пагоршыць нашы жыллёвыя ўмовы. Пральную машыну хоць на лесвічную пляцоўку вынось. У нашым калідоры, акрамя палічкі для абутку, нічога не ўмяшчаецца».

Жыхары кватэр, плошча санвузлоў якіх прадугледжвае ўстаноўку інжынерных збудаванняў, спачуваюць суседзям. Ганна з 15-й кватэры дэманструе прасторную нішу і добрую на выгляд трубу, якой яшчэ стаяць і стаяць. Выглядае труба пераканаўча. Жанчына таксама не бачыць сэнсу ў замене стаяка. Яе больш турбуе стан расколіны, што расце пад яе балконам.

«Зверху будынак пафарбавалі, але тым і абмежаваліся, — наракае яна. — Толькі тынкоўка ўжо абвальваецца».

Асабіста мяне ўразіў яшчэ і балкон. Мне здалося, што ён нахіліўся. Ды і поручні не ўнушалі ўпэўненасці. Жыхарка таксама пацвердзіла, што супрацоўнікі ЖЭУ раілі не абапірацца на іх. Не вельмі ўтульна і ў пад’ездзе дома. Са сцен месцамі абсыпалася тынкоўка. Але цяпер пра гэта мала хто згадвае. Усе сілы сем'і кінулі на барацьбу супраць дадатковага стаяка.

Між тым камунальнікі пачалі прымушаць незгаворлівых жыхароў на згоду праз суд. Дзяніс Жукаў дэманструе рашэнне суда, па якім ён павінен прадаставіць доступ у кватэру для правядзення работ. Ён і яго сям’я не згодны з гэтым рашэннем. А Вячаслаў Астапаў наогул адмовіўся падпісваць дагавор з УКП і лічыць, што пакуль усе жыхары не дадуць згоды на капрамонт, які закранае іх інтарэсы, заказчык не мае права яго рабіць. Ён наогул намераны адмовіцца ад яго, матывуючы тым, што артыкул № 7 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» дазваляе яму гэта зрабіць.

— Ніякіх парушэнняў правоў жыхароў дома № 6 па Віцебскім праспекце няма, — выказала свой пункт гледжання на праблему начальнік аддзела капрамонту Магілёўскага гарадскога УКП Наталля Астроўская. — Трэба зыходзіць з таго, што інжынерныя сеткі - гэта камунальная маёмасць, а не ўласная. І мы маем права правесці замену. Тым больш што выйшлі ўсе тэрміны эксплуатацыі. А дзве каналізацыйныя трубы замест адной — гэта не наш капрыз. Пры распрацоўцы праекта тэхнічная экспертыза выдала прадпісанне, каб у кожнай кватэры быў асобны каналізацыйны стаяк (п. 7.1.5 ТКП45−4.01−54−2007 г. Тэхнічнага кодэкса. Сістэмы ўнутранай каналізацыі будынкаў. — Аўт.). Гэта робіцца ў мэтах абароны інтарэсаў саміх жа спажыўцоў. Бо калі стаяк, агульны на 2 кватэры, заб’ецца, то чаму павінен пакутаваць гаспадар той кватэры, дзе знаходзяцца гэтыя камунікацыі? Яму спатрэбіцца прадастаўляць доступ у кватэру, магчымасць дабрацца да трубы. А сусед праз сценку, атрымліваецца, не нясе ніякай адказнасці. Гэта несправядліва, пагадзіцеся.

— А калі жыхары адмовяцца даць доступ у свае кватэры, нягледзячы на рашэнні суда?

— Мы проста скасуем дагавор. Але калі адбудзецца нейкая аварыя, ліквідацыя будзе праводзіцца цалкам за іх кошт. А гэта сумы вельмі адчувальныя.

Дарэчы, выпадак з домам па Віцебскім праспекце не выключэнне. Наогул у дамах, якім споўнілася больш за паўстагоддзя, капрамонты рэдка абыходзяцца без канфліктаў. Як сведчыць Наталля Астроўская, жыхары адмаўляюцца ад замены інжынерных сетак, ацяплення лоджый, бо гэта нельга зрабіць, не захапіўшы частку іх жыллёвай прасторы. Зразумела, што тэхнічныя ўмовы і нарматывы сёння зусім не такія, якія былі паўстагоддзя таму. Але чаму б для дамоў старой забудовы з іх канструктыўнымі асаблівасцямі не рабіць выключэнні? Інакш інтарэсы часткі жыхароў, як у доме № 6 па Віцебскім праспекце Магілёва, непазбежна будуць закрануты.

←Интерьер "однушки" за две с половиной тысячи долларов. "Мой бюджетный ремонт"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика