У Салігорску з акна трэцяга паверха выпала дзіця
Фота: Fotolia
У Салігорску з акна трэцяга паверха выпала дзіця. Здарэнне адбылося ўвечары ў суботу ў адным з дамоў па вуліцы Камсамола. Дзіця атрымала траўмы і было шпіталізаванае ў гарадскую бальніцу, паведамляе sputnik.by са спасылкай на Салігорскі РАУС.
Адзначаецца, што па факце праводзіцца праверка.
Як інфармавала Еўрарадыё, падобныя здарэнні даволі часта адбываюцца ў розных рэгіёнах нашай краіны. Некалькі дзён таму ў Бабруйску сямігадовая дзяўчынка атрымала пашкоджанні, выпаўшы з балкона 4-га паверха. 7 ліпеня двое дзяцей выпалі з вокнаў дамоў на Віцебшчыне, яны атрымалі траўмы. Крыху раней у Лоеве загінула 2-гадовая дзяўчынка, якая выпала з акна 4-га паверха.
Пасля серыі выпадзення дзяцей з вокнаў у Беларусі Следчы камітэт вырашыў праверыць вытворчасць маскітных сетак. Следчыя высвятляюць, "наколькі заяўленыя тэхнічныя патрабаванні да маскітных сетак на вокны адпавядаюць іх рэальнаму стану".