У Івацэвічах трохгадовае дзіця выпала з аўтамабіля падчас руху
Фота: Fotolia
У Івацэвічах трохгадовае дзіця выпала з аўтамабіля падчас руху. Здарылася гэта ўвечары 11 ліпеня. 38-гадовы жыхар вёскі Стайкі ехаў у раённым цэнтры на аўтамабілі "Chevrоlet Niva". На заднім пасажырскім сядзенні было дзіця, але без спецыяльнага дзіцячага ўтрымліваючага прыстасавання. Падчас павароту легкавіка на іншую вуліцу хлопчык адчыніў дзверы і ўпаў на праезную частку. Ён атрымаў шматлікія траўмы і быў шпіталізаваны, знаходзіцца ў рэанімацыі Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка, інфармуе ДАІ Брэсцкай вобласці.
Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на УДАІ УУС Мінаблвыканкама, у Пухавіцкім раёне ў ДТЗ на аўтадарозе Мінск — Гомель загінула 15-гадовая дзяўчынка. Аўтамабіль "БМВ-523" занесла, ён апынуўся ў кювеце, дзе перакуліўся. Дзяўчынка, якая знаходзілася на заднім пасажырскім сядзенні, не была прышпіленая рамянём бяспекі. Па факце дарожна-транспартнага здарэння распачатая крымінальная справа.