У Мінску шукаюць жанчыну, якой касір у банку выдала лішнія 2250 рублёў
Здымак з архіву. Фота: AFP
У Мінску шукаюць жанчыну, якой касір у банку па Уральскай вуліцы выдала лішнія 2250 рублёў (у дэмінаваных рублях). Здарэнне адбылося яшчэ 13 чэрвеня. За гэты час невядомая так і не вярнула грошы.
Як паведаміла БЕЛТА прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Наталля Ганусевіч, жанчына мяняла 900 еўра на 1000 долараў. Рэшту яна папрасіла выдаць у беларускіх рублях. Касір перадала долары і памылкова — значную суму ў рублях.
Пэўны час супрацоўнікі банка спадзяваліся, што жанчына верне лішнія грошы, але пасля вымушаныя былі звярнуцца ў міліцыю. Адзначаецца, што невядомай на выгляд было 25-30 гадоў. Яна прыйшла ў банк з дзіцёнкам, у якога з сабой быў трохкалёсны ровар.
Падобная гісторыя здарылася ў Мінску напярэдадні дэнамінацыі. Жанчыне ў пункце абмену валют памылкова выдалі лішнія 10 мільёнаў рублёў. Яе таксама шукала міліцыя.