У Мінску міліцыя затрымала раварыста, які хацеў закласці "бомбу" каля будынка
Здымак з архіву. Фота: tut.by
У Мінску міліцыя затрымала раварыста, які хацеў закласці "бомбу" каля ўваходу ў будынак. Здарэнне адбылося каля 16-й гадзіны ў нядзелю, 10 ліпеня, на вуліцы Гарадскі Вал. Як інфармуе прэс-служба МУС Беларусі, міліцыянеры, якія былі ў патрулі, звярнулі ўвагу на раварыста, які падазрона сябе паводзіў. Ён спыніўся каля будынка і спрабаваў пакінуць пакунак з надпісам "Увага. Бомба", які дастаў з заплечніка.
Міліцыянеры за лічаныя секунды затрымалі раварыста, яны выклікалі падмацаванне і перакрылі вуліцу. На месца прыехалі сапёры. Высветлілася, што ў пакунку быў муляж выбуховага прыстасавання.
У адносінах 36-гадовага затрыманага распачалі крымінальную справу па артыкуле "хуліганства" (ч. 1 арт. 339 КК), ён знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Высвятляюцца матывы яго ўчынку.