Пад Курганам Славы адбылася смяротная аўтааварыя (фота)
Фота: abw.by
У Смалявіцкім раёне каля Кургана Славы адбылося лабавое сутыкненне мікрааўтобуса-маршруткі і легкавой машыны. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.
Па яе словах, кіроўца аўтамабіля "Фольксваген" выехаў на сустрэчную паласу, дзе і сутыкнуўся з мікрааўтобусам. У выніку ДТЗ 35-гадовы кіроўца "Фольксвагена" загінуў. Кіроўца і пяць пасажыраў маршруткі былі шпіталізаваныя з разнастайнымі траўмамі.
Як удакладняе сайт abw.by, паводле папярэдніх звестак, загінулы мужчына — ураджэнец Жодзіна.
На фота відаць, што ад удару легкавік ператварыўся ў кучу металалома. Мікрааўтобус пры ДТЗ вылецеў у кювет.
На месцы здарэння працуюць следчыя Смалявіцкага райаддзела разам з супрацоўнікамі ДАІ і спецыялістамі Дзяржкамітэта следчых экспертызаў.