У Віцебску ў катлаване патануў сямігадовы хлопчык (фота)

Фота: sk.gov.by
Трагічны выпадак адбыўся ў Віцебску каля 17-й гадзіны 24 чэрвеня. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, у штучны вадаём на вуліцы Генерала Іваноўскага зваліўся першакласнік. Сямігадовага хлопчыка дасталі з вады мінакі. І хаця брыгада хуткай дапамогі, якая прыбыла на месца, спрабавала рэанімаваць хлопчыка, але ўсё ж яны канстатавалі яго смерць.
Следчыя выявілі, што першакласнік разам з братам бес праблем прайшлі на неагароджаную пляцоўку, на якой будуецца школа на 1020 вучняў у мікрараёне "Білева-2". На пляцоўцы знаходзіцца штучны катлаван, напоўнены вадой. Адзін з хлопчыкаў зваліўся ў ваду і не змог самастойна выбрацца.
Будаўнічы аб'ект, дзе адбылося здарэнне, належыць ААТ "Будаўнічы трэст №9, г. Віцебск". На службовых асобаў будаўнічага трэсту пачалі крымінальную справу за службовую халатнасць.
Следчыя правялі агляд месца здарэння, прызначылі судова-медыцынскую экспертызу. Праваахоўнікі апыталі сведкаў здарэння, узялі пробы грунту, каб выявіць прыроду ўтварэння катлавана.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.