У Віцебску яшчэ адзін мужчына скокнуў з моста ў Дзвіну (фота)
Фота: news.vitebsk.cc
У Віцебску яшчэ адзін мужчына скокнуў з моста ў Дзвіну. Здарэнне адбылося 24 чэрвеня, у Дзень горада, інфармуюць "Народныя навіны Віцебска".
Невядомы малады чалавек скокнуў з моста Кірава ў цэнтры горада. Адзначаецца, што ў тым месцы глыбіня Дзвіны складае каля 2 метраў. Верагодна, мужчына не ўдарыўся аб дно. З вады яго аператыўна дасталі ратавальнікі і перадалі медыкам. Пацярпеламу аказалі першую меддапамогу і адвезлі ў бальніцу.
Пакуль невядома, ці гэта быў няшчасны выпадак, ці спроба суіцыду. Як паведамляла Еўрарадыё, 18 чэрвеня ў Віцебску з моста Блахіна скокнуў у Дзвіну 25-гадовы мужчына, які адзначаў вяселле ў якасці госця. Ён патануў. А 31 траўня інспектар ДПС уратаваў 48-гадовую жанчыну, якая хацела скокнуць з іншага моста ў Віцебску.