У Мінскай вобласці падчас навальніцы электрычнасці не стала ў 13 раёнах
Навальніцы з моцным ветрам сталі прычынай адключэння электрычнасці ў 13 раёнах Мінскай вобласці. Непагадзь абрынулася на сталічны рэгіён увечары 17 чэрвеня, хоць там і не здаралася такіх бураў, як у заходніх абласцях. Па інфармацыі прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, аварыі ў энергасістэмах здарыліся ў Барысаўскім, Вілейскім, Дзяржынскім, Капыльскім, Лагойскім, Мінскім, Маладзечанскім, Мядзельскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Салігорскім, Уздзенскім і Чэрвенскім раёнах. Электразабеспячэнне было парушана ў 281 населеным пункце.
Па стане на 6.00 суботы без святла заставаліся 108 населеных пунктаў Мінскай вобласці.
Напярэдадні ў Беларусь з Польшчы прыйшлі моцныя буры з навальніцамі. У Гродне ўзняўся такі моцны вецер, што за лічаныя хвіліны пераламаў ці не палову дрэваў у цэнтры горада. Ураган “задзьмуў” вечны агонь і пахіліў касцёльную вежу з крыжам.
У Брэсце бура была слабейшай, хоць у выніку разгулу стыхіі таксама былі паваленыя дрэвы і памятыя аўто.
Бліжэй да ночы навальнічны фронт перамясціўся ў Мінскую вобласць.