20-гадовы хлопец загінуў пад цягніком "Брэст — Масква"
Здымак з архіву. Фота: ria.ru
Пад Баранавічамі 20-гадовы хлопец загінуў пад цягніком. Ён ішоў па рэйках і не рэагаваў на гукавыя сігналы, якія падаваў машыніст лакаматыва.
Як інфармуе intex-press.by, здарэнне адбылося ўвечары 11 чэрвеня ў трох кіламетрах ад прыпынку "Юшкавічы". Цягнік "Брэст — Масква" ехаў з хуткасцю 120 кіламетраў за гадзіну. Машыніст, калі пабачыў на чыгунцы чалавека, таксама пачаў экстраннае тармажэнне цягніка. Адзначаецца, што ў маладога чалавека быў час, каб адыйсці ў бок, але ён гэта з нейкай прычыны не зрабіў.
Пасля таго, як хлопец трапіў пад лакаматыў, яго цела яшчэ працягнула каля кіламетра, пакуль цягнік не спыніўся. Вядома, што загінулы — жыхар Нясвіжскага раёна. Ён вяртаўся з Барысава, дзе быў у знаёмых на прысязе. Сам ён у войску адслужыў і вярнуўся дахаты вясной 2016-га.
Інспектар прафілактыкі Баранавіцкага АУС на транспарце Яўген Нагавіцын кажа, што праваахоўнікі высвятляюць дзіўныя акалічнасці здарэння. Напрыклад, малады чалавек павінен быў выйсці ў Гарадзеі, але чамусьці апынуўся каля Юшкавічаў. Не выключаецца, што адбыўся суіцыд. Прызначаныя экспертызы.