Голы гродзенец выскачыў з машыны на прыпынку і зацягнуў у яе дзяўчыну
Фота: onliner.by
У Гродне прайшоў суд над маладым чалавекам, які пажартаваў не самым лепшым чынам.
Як піша onliner.by, маладыя людзі адпачывалі і вырашылі ўчыніць розыгрыш. Кампанія на "Аўдзі А4" выехала на гарадскія вуліцы. Хлопец і дзяўчына з кампаніі пайшлі на загадзя агавораны прыпынак грамадскага транспарту.
Людзі, якія стаялі на прыпынку былі вельмі здзіўленыя, калі з аўтамабіля нечакана выскачыў голы хлопец, схапіў дзяўчыну і пацягнуў у машыну. Дзяўчына пры гэтым крычала і супраціўлялася, як і было загадзя агаворана. Таварыш "выкрадальніка", які стаяў у натоўпе на прыпынку, гучна казаў, што адбываецца выкраданне. Потым машына з'ехала з месца здарэння.
"Жартаўнікоў" знайшлі даволі хутка. Як выявілася, ініцыятар розыгрышу нікога не папярэдзіў, што збіраецца распрануцца. Гэты мужчына мае 35 гадоў, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, а судзімасць у яго пагашаная. Мужчына не мае пастаяннага месца жыхарства, не працуе, але ў цэлым характарызуецца здавальняюча.
Аўтара розыгрышу абвінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Суд Кастрычніцкага раёна Гродна аштрафаваў яго на 10,5 млн рублёў (50 базавых велічыняў).
Таварышаў голага "жартаўніка" не пакаралі, бо яны не ведалі пра такі намер сябра.