У Брэсце на пажары загінуў адзін чалавек, траіх выратавалі
Здымак з архіву. Фота: Bymedia.net
У Брэсце на пажары загінуў адзін чалавек, траіх выратавалі. Здарэнне адбылося ўдзень 10 чэрвеня ў драўляным доме, які часткова абкладзены цэглай і мае тры асобныя ўваходы.
Як інфармуе прэс-служба МНС Брэсцкай вобласці, спачатку ратавальнікі знайшлі на падлозе ў калідоры ўнука гаспадыні. Ён быў у непрытомным стане. Першую дапамогу пацярпеламу аказалі супрацоўнікі МНС, якія перадалі яго медыкам, "хуткая" адвезла мужчыну ў Цэнтральную гарадскую бальніцу (дыягназ — "атручэнне прадуктамі гарэння").
У адным з пакояў на канапе ратавальнікі знайшлі 90-гадовую гаспадыню, інваліда 1-й групы (апорна-рухальны апарат). Яе вывелі з будынка, у шпіталізацыі жанчына не мела патрэбы. У іншым пакоі быў знойдзены труп 40-гадовай жанчыны, якая была ў гасцях ва ўнука гаспадыні. У яшчэ адным пакоі дома супрацоўнікі МНС знайшлі 68-гадовага сына гаспадыні, інваліда 1-й групы (апорна-рухальны апарат). Яго шпіталізавалі з дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння".
Мяркуецца, што прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння.