У Брэсце пачаўся суд над маці, абвінавачанай у забойстве немаўляці
У Брэсце пачаўся суд над маці, абвінавачанай у забойстве немаўляці. Справу разглядае судовая калегія Брэсцкага абласнога суда на чале з суддзёй Святлай Крамянеўскай.
Мёртвага хлопчыка знайшлі ў кантэйнеры для смецця на вуліцы Карбышава ў Брэсце 15 кастрычніка 2004 года. Па заключэнні судова-медыцынскай экспертызы, смерць нованароджанага наступіла ад асфіксіі: яму наўмысна прыкрылі рот і нос, каб задыхнуўся.
Падазраваную затрымалі на пачатку 2016-га, праз 12 гадоў пасля здарэння. Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз выявіў, што 36-гадовая ўраджэнка Лунінецкага раёна з'яўляецца біялагічнай маці забітага дзіцяці. Жанчыне выставілі абвінавачанне ў забойстве заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане.
Працэс пачаўся з хадайніцтва абвінавачанай. Жанчына хацела, каб працэс быў закрытым і журналістаў вывелі з залы суда. Яна спасылалася на тое, што падчас паседжання будуць агучвацца інтымныя падрабязнасці, якімі яна не хацела б дзяліцца з грамадскасцю. Аднак судовая калегія не знайшла падставаў для задавальнення хадайніцтва.
Абвінавачванне агучыла некаторыя шакуючыя акалічнасці справы. У прыватнасці, тое, што жанчына, якой на той момант было 25 гадоў, самастойна прымала ў сябе роды. Адбывалася гэта ўначы ў жаночай прыбіральні інтэрнату, дзе яна тады жыла. Дарэчы, на ўліку па цяжарнасці яна не стаяла, і гэты факт спрабавала схаваць нават ад родных.
На думку абвінавачвання, адразу пасля родаў жанчына наўмысна забіла навароджанага: спачатку моцна бросіла яго на падлогу, а пасля далонню закрыла яму дыхальныя шляхі.