Хто гэтыя людзі з заробкамі ў 3 мільёны?
Палова беларусаў штомесяц зарабляе менш за 3,5 мільёна рублёў. Больш за паўмільёна чалавек жывуць у нашай краіне за рысай беднасці і не атрымліваюць нават пражытковы мінімум (цяпер гэта 1 699 430 беларускіх рублёў). Жыхары Івацэвічаў, Гродна і Мінска распавялі Радыё Свабода, як пражыць на нармальны беларускі заробак.
Івацэвічы. «Спачатку разлічышся з дзяржавай, пасля думаеш пра сябе»
Васіль Дзягцярык, не працуе. Святлана Валошчык, тынкоўшчыца, — атрымлівае 6 мільёнаў. Маюць дзяцей і ўнукаў.
Васіль Дзягцярык і Святлана Валошчык жывуць у Івацэвічах у аднапакаёвай кватэры, за якую плацяць крэдыт. Пасля хваробы мужа сям’я жыве на адзін заробак.
Васіль усё жыццё рабіў кіроўцам на івацэвіцкіх прадпрыемствах. Аднак 4 гады таму ў яго здарылася хвароба сэрца, якая паставіла крыж на прафэсіі. Пасля лякарні ён пэўны час атрымліваў пенсію як інвалід другой, потым трэцяй групы. Неўзабаве інваліднасьць Васілю знялі разам з пенсіяй, а абмежаванні на працу пакінулі. Працаваць кіроўцам яму ўжо забаронена, як і шмат кім яшчэ.
Ужо больш як два гады Васіль шукае «лёгкай працы». Але за ўвесь час, кажа, папрацаваў толькі некалькі месяцаў узімку аператарам газавай кацельні.
«Стаю на ўліку ў цэнтры занятасці, але працу мне знайсці ў Івацэвічах немагчыма. Тут і здаровым няма працы. Летась давалі 4 месяцы адраснай дапамогі - 260 тысяч. І зараз во прыйшла папера, што два месяцы атрымаю па мільёну трыста тысяч. І ўсё, увесь даход», — распавёў Васіль.
Кватэру Васіль пабудаваў у крэдыт пад 1 працэнт якраз у той год, калі злёг з хваробай сэрца. Уратавала, што значную частку сумы сплаціў чэкамі «Маёмасць», таму цяпер у месяц плаціць трэба толькі 300 тысяч рублёў.
Святлана Валошчык працуе тынкоўшчыцай у будаўнічай арганізацыі: «Часта даводзіцца ездзіць у іншыя гарады — зараз у Баранавічы, працавалі тыднямі нават у Віцебскай вобласці, каб зарабіць тыя 6 мільёнаў. Летась пару разоў самыя вялікія заробкі былі 7−8 мільёнаў. Атрымала заробак — сплаціла камунальныя паслугі, крэдыт, лекі, а далей — эканомім. Ад заробку да заробку дацягваем».
Святлана кажа, што звычайна бюджэт ідзе на пражыццё, часам купляецца нейкая вопратка, падарункі дзецям ды ўнукам. Васіль жартуе: «Як Лукашэнка казаў, што людзі ў нас у Беларусі і прадукты купляюць, і апранаюцца добра, а потым ужо камунальныя плацяць. Няпраўда — найперш камунальныя і крэдыты. Разлічышся з дзяржавай, толькі потым думаеш пра сябе. Нават пра лекі ўжо толькі потым думаеш».
На пытанне, што самае дарагое купілі за апошні час, Святлана задумваецца:
«Хіба што кухню, калі засяляліся ў кватэру, болей так і нічога. І то нават кухню ж у растэрміноўку бралі. Не да шыкавання нам цяпер».
У невялікіх гарадах, як Івацэвічы, сфера паслуг у галіне адпачынку далёка не такая развітая, як у Менску. А на замежныя курорты, кажа Святлана, яна дазваляла сабе паехаць толькі ў часы Савецкага Саюзу.
Па рэстарацыях Васіль і Святлана таксама ня ходзяць. Кажуць, у лепшым выпадку ў святы ўдаецца сабрацца з дзецьмі на пікнік на прыродзе.
Таму звычайны атрыбут адпачынку ў сям'і - тэлевізар. У Васіля і Святланы іх два — у пакоі і на кухні.
Мінск. «Пенсіянеры жывуць лепш за маладых»
Людміла, пенсіянерка, але працуе прыбіральшчыцай, — атрымлівае 6 мільёнаў.
Прыватны сектар Грушаўкі схаваны за высокімі навабудамі, якія паўсталі ўздоўж праспекту Дзяржынскага. Раней тут была ўскраіна Мінску з канцавым прыпынкам гарадскога транспарту. Сёння за тэрыторыю Грушаўкі, дзе ў 2012 годзе адкрылі станцыю метро, змагаюцца забудоўшчыкі.
Новыя дамы будуюць ад праспекту, і рэшта раёну усё яшчэ мае вясковы выгляд. Тут людзі жывуць са сваіх гародаў, працуюць на мясцовых заводах і ў ЖЭСах.
«Я лічу, што мы тут выжываем, а не жывём, — кажа Людміла, гаспадыня аднаго з прыватных дамоў недалёка ад метро. — Але ж іншыя зайздросцяць нашым умовам: маем тут сад і агарод, свежае паветра, і пры гэтым блізка да праспекту».
Ацяпленне ў доме Людмілы дагэтуль пячное, вадаправоду няма. Ёй 62, і яна працуе прыбіральшчыцай у спартовым комплексе. Разам з пенсіяй мае каля 6 мільёнаў.
«Мне хапае, — кажа Людміла. — Я магу па-ўсякаму жыць: магу хлеб есці з маслам, з ікрой, а магу і без нічога».
Муж Людмілы памёр восем гадоў таму. Дзяцей у іх не было, і кабета ўсе грошы траціць на сябе. У савецкія часы, узгадвае яна, разам з сябрамі яны ездзілі машынай у Крым. Цяпер ужо шмат гадоў запар яна ездзіць на адпачынак у Баўгарыю.
«Мне хапае на ўсё, — кажа яна. — Нават без пенсіі я б ездзіла адпачываць. Галоўнае — не ленавацца. Калі маеш здароўе, сілы — усё будзеш мець».
Анастасія, працуе нянькай у садочку, — атрымлівае 1 мільён. Алег, аўтамыйнік, — атрымлівае 3 мільёны. Маюць дзіця.
Анастасія толькі нядаўна выйшла з дэкрэту, месяц адпрацавала ў садку нянькай. За паўтары стаўкі ёй заплацілі 1 мільён рублёў. Ісці на біржу працы нават не думае: усе знаёмыя, хто там рэгістраваўся, чакаюць хоць якой прапановы месяцамі.
Алег, яе хлопец, працуе на аўтамыйні. Яшчэ два гады таму там плацілі тысячу долараў. Цяпер — 150. Графік — 15 дзён на месяц па 13 гадзін на дзень.
«Цэны на мыццё машын у нас за гэты час не змяніліся — 120 тысяч рублёў. Але машын стала зусім мала. У людзей ужо няма грошай на гэта».
Атрымліваючы тысячу долараў на месяц у 2014 годзе, Алег быў упэўнены, што далей будзе жыць яшчэ лепш.
«Я мог пайсьці на рынак, набыць сабе красоўкі за 30 долараў і пайсці ў іх мыць машыны, — кажа ён. — Мне іх не было шкада, бо я ведаў, што заўтра магу набыць новыя. Што такое 30 долараў на той час? Пайсці ўвечары піва папіць. Цяпер у мяне на такую раскошу грошай няма».
З трыма мільёнамі рублёў на месяц Алег не ведае, як жыць далей. Па-першае, яны маюць выплаціць пазыку за прыватызацыю дома, у якім жывуць, — дзяржаўнай маёмасці. Па-другое, неўзабаве яму давядзецца выплочваць падатак на дармаедства — 4,2 мільёна. Працуе ён неафіцыйна, а таму падпадае пад новы падатак.
«Тут два шляхі: ці выжываць, ці рабаваць. Мы выбіраем выжываць. Хоць становіцца гэта ўсё складаней».
Гэта раней Мінск быў горадам для багатых. А цяпер заробкі ў сталіцы, лічыць хлопец, зраўняліся з заробкамі на вёсцы.
«Дзевяностыя вяртаюцца, — кажа ён. — А хто будуе жыллё? Відаць, тыя, хто меў запас са старых часоў. Бо на адно месца дворніка пад сто чалавек падаюць заявы!»
Сярод ягоных сяброў усе толькі і абмяркоўваюць, каб паехаць на заробкі ў Расію. Маўляў, там яшчэ можна зарабіць добрыя грошы.
«Мы пачынаем жыць, як ва Украіне. Тут проста няма працы. Ніякай. Я думаю, што нешта можа змяніцца, калі ў нас будзе іншая ўлада».
Попыт на любыя вакансіі вялікі, і працадаўцы ўсё больш ускладняюць умовы прыёму на працу. Алег расказвае, як для працы падсобным рабочым на будоўлі ад яго патрабавалі ведаць замежную мову.
«Каб пайсці на будоўлю ці грузчыкам у краму, трэба мець вышэйшую адукацыю і ведаць англійскую. Мы жывем як у казцы: чым далей, тым страшней».
Гродна. «Імкнуся пра гэта не думаць, бо інакш пачынае балець галава»
Сухоцкія — Саша, рабочы, і Алена, бухгалтар — у дэкрэце, але працуе. На сям’ю з двума дзецьмі маюць 8 мільёнаў у месяц.
Старэйшая дачка ў Сухоцкіх навучаецца ў адным з гродзенскіх тэхнікумаў, а малодшай толькі два гадочкі. Саша — звычайны рабочы, працуе кіроўцай спецтэхнікі. Але мае залатыя рукі, дома ўсё робіць сам.
Алена — бухгалтар з вопытам, цяпер у дэкрэтным адпачынку і на палову стаўкі працуе, бо грошай у сям'і не хапае.
У яе два з паловай мільёны дэкрэтныя, яшчэ 700 атрымлівае за старэйшую дачку і паўтара мільёны зарабляе ў роднай бухгалтэрыі.
Сухоцкія жывуць у цеснай кватэрцы яшчэ хрушчоўскіх часоў. Алена вядзе запісы з разлікамі свайго сямейнага бюджэту. Яна кажа, што ўсе выдаткі пачынаюцца з платы за камунальныя паслугі. Жывуць яны ў кватэры Сашавай маці. Год таму пабудавалі сваю, але засяліцца не могуць: трэба зрабіць хоць які рамонт, каб там можна было жыць.
«Вось, глядзіце. Наш бюджэт месячны складае прыкладна 8 мільёнаў, часам можа быць трохі больш, часам менш, — кажа Алена. — Мы з мужам атрымліваем прыкладна пароўну. Вось квартплаты: за кватэру, у якой мы жывём, плацім камунальныя па 300 тысяч у месяц, у нас тут частковыя выгоды. І за кватэру, у якой мы не жывём — плацім такую ж суму».
«Яшчэ адзін год, дзякуючы таму, што ў нас малое дзіця, мы ня плацім два з паловай мільёны па крэдыце за новую кватэру, які ў нас разлічаны на 20 гадоў. Гэтыя грошы мы штомесяц адкладаем на рамонт у новай кватэры, — дадае муж. — У ёй, дарэчы, нічога няма, акрамя ўнітаза — сцены голыя і няроўныя, столь і падлога таксама. Я ўсё раблю сваімі рукамі, еду пасля асноўнай працы і колькі хапае сіл працую там, дакупляю дадатковыя будаўнічыя матэрыялы. Мы падлічылі, што павярхоўны рамонт, дзеля таго каб нам туды засяліцца, пры тым, што кожны месяц будзем траціць тыя два з паловай мільёны, расцягнецца яшчэ на год. Праз год мы плануем засяліцца ў новую кватэру, і тады грошы будзем плаціць па крэдыту».
Паводле Алены, 240 тысяч у месяц ідзе на праязны дачцэ, і столькі ж — на транспартныя выдаткі яе самой і мужа разам.
«600 тысяч на месяц плацім за абеды ў тэхнікуме, а яшчэ кожны дзень трэба даць нейкія кішэнныя грошы. Бо часам можа затрымацца на занятках ці секцыях, і трэба дадаткова нешта з’есці, інакш дзіця застанецца галоднае. Мужу таксама на абеды ідзе прыкладна 600 тысяч рублёў на месяц, але гэта без уліку цыгарэтаў - пачак на дзень абавязкова. А я ўжо бяру з сабою нейкія бутэрброды, бо працую палову дня», — працягвае Алена.
Аляксандр не пярэчыць, але дадае, што алкаголю не ўжывае зусім, і гэта, паводле яго, значная эканомія сямейнага бюджэту. Алена яго перабівае і кажа, што далей пачынаюцца самыя непрадбачаныя расходы — харчаванне. Згадвае, што вось толькі сёння заходзіла ў харчовую краму, аддала 300 тысяч, потым сама пералічвала кошты з чэка — усё сышлося, а ўцяміць так і не змагла, на што патраціла такую суму, бо амаль нічога не набыла.
«У краме мы сочым, каб набываць усё па зніжках, што таннейшае. Менш за два з паловай мільёны ў нас расходаў на харчы папросту не бывае. Але гэта не азначае, што мы ямо мяса кожны дзень. Вядома, імкнёмся купляць і рыбу, і іншыя паўфабрыкаты, каб скруціць тыя самыя катлеты ці яшчэ што прыгатаваць. Але, як кажам, садавіну для дзяцей купляюць бабулі, інакш бы нашы дзеці яе не бачылі», — апісвае Алена рацыён сваёй сям'і.
«Да гэтага трэба дадаць харчы для нашай малодшай дачкі, а яшчэ памперсы, розныя сурвэткі і іншыя патрэбныя рэчы. Гэта дзякуй Богу, што мы для яе амаль не купляем адзення, бо ў Аленінага брата двое старэйшых дзяцей, і іхняя вопратка пераходзіць да яе», — дадае муж.
Найбольш Алена і Саша эканомяць на сабе.
«Ведаеце, бывае абутак становіцца такі, што няма як выходзіць на вуліцу, і тады мусім ісці і купляць. Я не хаджу ў цырульню, забылася, што такое педыкюры і манікюры — што магу, раблю сама, а калі ўжо надта трэба, то бягу да сябровак. Мы нават падарункаў адзін аднаму не робім. Апошні значны набытак — гэта стол і зэдлік для дзіцяці - аж 500 тысяч рублёў. І то вельмі эканомілі, каб неяк выкруціцца з бюджэтам», — распавядае Алена.
«Апошні раз мы ездзілі ў адпачынак на мора дзевяць гадоў таму, у тэатры і кіно не былі столькі ж часу. Вось толькі летась малодшую дачку вазілі ў гродзенскі заапарк. Старэйшая дачка часам хоча некуды пайсьці, але даводзіцца тлумачыць, што на ўсё грошай нестае. То добра, што яна хоць да гэтага з разуменнем ставіцца. Паўтара года таму купілі толькі новы тэлевізар, і то на паўгода ў растэрміноўку. А цяпер наогул нічога набыць не можам», — нават у сям'і, дзе кожны рубель на ўліку, не ўдаецца выкраіць грошы на забавы, тлумачыць Саша.
«Вось вы пытаецеся — як мы жывём? — перабівае яго Алена. — А хіба мы жывём, хіба яно ёсьць у нас, гэтае жыццё? Добра, што вунь кавалак агароду ёсць, то нешта пасадзім, каб потым у краме не купляць. І ніхто нашым жыццём не цікавіцца, мы ўсё гэта пражываем самі разам са сваімі дзецьмі. Я вам хачу сказаць, што большасць нашых знаёмых жывуць гэтаксама, як і мы. Хіба што ў каго дзяцей няма, то яшчэ людзі могуць нейкую капейку адкласці, а так… Я наагул імкнуся пра гэта не думаць, бо інакш пачынае балець галава. Раблю ўсё аўтаматычна і ні пра што не думаю».
Фатаграфаваць сябе і сваё жыллё Алена і Саша не дазволілі.
Читайте также:
В ближайшее время правительство рассмотрит возможность повышения пособия безработным
Грузчики — 77 человек на место, а врачей берут не глядя. Кто нужен, а кого слишком много в Минске