У Бярозаўскім раёне мужчына нацкаваў ратвейлера на аднавяскоўку
Здымак з архіву.
У Бярозаўскім раёне ў вёсцы Здзітава п'яны мужчына нацкаваў ратвейлера на аднавяскоўку. 22 траўня ў другой палове дня са сваім сабакам ён прыйшоў у двор да суседкі і прапанаваў наладзіць з яе сабакам бой. Яна адмовілася. Жанчына стала выганяць госця і прыгразіла міліцыяй. Тады мужчына зняў ратвейлера з ланцужка і даў каманду "Узяць!". Сабака накінуўся на жанчыну і ўкусіў яе за перадплечча правай рукі. Як інфармуе БелаПАН, віламі адагнаў сабаку ад жанчыны яе муж. Пасля гэтага п'яны госць ударыў мужа пацярпелай кулаком у твар.
У адносінах 24-гадовага жыхара вёскі Здзітава Бярозаўскага раёна, які нацкаваў ратвейлера жанчыну, распачалі крымінальную справу. Артыкул — "асабліва злоснае хуліганства" (ч. 3 арт. 339 КК). Афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова адзначыла, што вырашаецца пытанне аб аглядзе спецыялістамі сабакі, які быў выкарыстаны ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў.