Службовая асоба мясакамбіната "дэгуставала" каўбасу, а насамрэч яе выкрадала
Здымак з архіву.
Выконваючая абавязкі намесніка дырэктара ААТ "Магілёўскі мясакамбінат" рэгулярна "дэгуставала" каўбасу, а насамрэч вывозіла яе з прадпрыемства і выкрадала. Расследаванне крымінальнай справы завершанае, яе неўзабаве могуць перадаць у суд.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, "дэгустацыя" працягвалася са студзеня 2012-га да красавіка 2015 года. Было сабрана "дастаткова доказаў злачыннай дзейнасці абвінавачанай". Праваахоўнікі падлічылі, што страты, нанесеныя мясакамбінату, склалі больш за 1,4 млрд рублёў (больш за 70 тысяч долараў). Адзначаецца, што следствам "забяспечана поўнае пакрыццё шкоды". Арышт наклалі на маёмасць жанчыны (больш аднаго мільярда рублёў).
Канчатковае абвінавачанне службовай асобе выставілі па артыкуле "крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае ў асабліва буйным памеры" (ч. 4 арт. 210 КК). Яна чакае суда пад вартай.