Работніцу банка, якая афармляла фіктыўныя крэдыты, асудзілі на 7,5 года
Фота: tut.by
Суд Асіповіцкага раёна 24 траўня вынес прысуд былой работніцы Беларусбанка з пасёлку Ялізава. Жанчыну вінавацілі ў тым, што яна выкрадала грошы з банкаўскіх рахункаў кліентаў,а таксама афармляла фіктыўныя крэдыты на мясцовых жыхароў. Паводл інфармацыі tut.by, жанчыну прысудзілі да 7,5 гадоў пазбаўлення волі.
Гучная справа пачалася ў верасні 2015 года, калі з рахунку 92-гадовай пенсіянеркі з пасёлку Ялізава знікла каля 7,5 тысячы долараў. У Беларусбанку правялі праверку і пачалі крымінальную справу на былую супрацоўніцу ўстановы. Пацярпелай пенсіянерцы пазней вярнулі яе грошы разам з усімі адсоткамі.
Аднак следства выявіла, што работніца банка не абмежавалася адным эпізодам. Паведамляецца, што 49-гадовая жыхарка Асіповіцкага раёна працавала загадчыцай аддзялення Беларусбанка і была матэрыяльна адказнай асобай. Карыстаючыся пасадай, яна займалася махінацыямі на працягу чатырох гадоў — з лютага 2010-га па снежань 2014 года.
Па звестках следства жанчына скрала 380 мільёнаў. Саму экс-работніцу банку ўзялі пад варту.
Суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учыненым у асабліва буйным памеры, службовым падлогу.
Прысуд набудзе моц праз 10 дзён пасля таго, як сама абвінавачаная атрымае копію прысуду. Ёсць звесткі, што дзеці асуджанай збіраюцца падаваць апеляцыю.