У Пінску рабочы сарваўся з даху шматпавярховіка і разбіўся
Фота: БЕЛТА
У Пінску з даху шматпавярховага дома сарваўся і загінуў рабочы. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу УСК па Брэсцкай вобласці Марыну Дранькову.
Няшчасны выпадак здарыўся каля 10-й гадзіны раніцы 16 траўня. Мужчына быў жыхаром Століна і працаваў у субпадраднай арганізацыі Століншчыны, якая займаецца будаўніцтвам жылога дома. Генпадрадчык выявіў пэўныя недахопы на даху. Іх выпраўленнем займаліся два муляры.
Праваахоўнікі выявілі, што 45-гадовы жыхар Століна залез на двухсхільны дах, узяўшы з сабой наверх інструменты і матэрыялы. На даху рабочы спатыкнуўся і сарваўся з вышыні. Ад атрыманых траўмаў ён памёр да прыбыцця хуткай дапамогі.
Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта пачаў праверку з нагоды смерці рабочага на вытворчасці. Следчыя высвятляюць усе акалічнасці трагедыі, а таксама яе прычыны і ўмовы.