Міліцыя праводзіць праверку па факце затрымання жанчыны-гандляркі ў Маладзечне

Фота: rh.by
Міліцыя праводзіць праверку па факце затрымання жанчыны-гандляркі ў цэнтры Маладзечна. Як піша "Рэгіянальная газета", 6 траўня праводзіўся рэйд па прадухіленні гандлю ў неўстаноўленых месцах. Жанчына гандлявала каля рынка райспажыўтаварыства кветкамі ў вазонах. Высветлілася, што раней яе ўжо папярэджвалі пра адказнасць за незаконны гандаль. Па словах кіраўніцы аддзела гандлю і паслуг райвыканкама Ірыны Крук, жанчына называла не сапраўдныя дадзеныя пра сябе, а пасля "пачала прыцягваць увагу мінакоў эксцэнтрычнымі паводзінамі, бегала". Пасля гэтага міліцыянер надзеў ёй на руку кайданкі.
Каля жанчыны і міліцыянера сабраўся натоўп людзей, якія патрабавалі, каб гандлярку адпусцілі. Прыехалі яшчэ некалькі міліцыянераў. Спачатку з рукі затрыманай праваахоўнік зняў кайданкі, а калі прыехаў начальнік РАУС Валянцін Асіповіч, жанчыну адпусцілі. Перад гэтым у яе даведаліся сапраўдныя імя і прозвішча ды месца жыхарства.
Як інфармуе sputnik.by са спасылкай на УУС Мінаблвыканкама, у адносінах 41-гадовай гандляркі распачаўся адміністрацыйны працэс за парушэнні правілаў гандлю і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобе.