Жыхар Баранавічаў: 440 папугаяў "збіліся ў зграю і зляцелі"
Фота: gpk.gov.by
Эканамічны суд Брэсцкай вобласці 25 красавіка разглядаў справу пра 441 кантрабанднага папугая.
Як паведамлялася раней, 9 лютага жыхара Баранавічаў затрымалі мазырскія памежнікі, калі той вёз праз мяжу вялізную партыю экзатычных птушак. У яго быў 441 папугай розных відаў: хвалістыя, Неразлучнікі, амадыны, карэлы, какарыкі.
У мужчыны не было пры сабе дакументаў на папугаяў, але канфіскоўваць птушак у яго не сталі. Іх пакінулі правапарушальніку, каб той даглядаў за імі.
Праз пэўны час прадстаўнікі ўлады з'явіліся дадому да мужчыны, то птушак там не было. Мужчына заявіў, што яго маці забылася зачыніць дзверы і яны "сабраліся ў зграю і зляцелі". Па яго словах, жыхары Баранавічаў у лютым бачылі гэтых птушак у горадзе, фатаграфаваліся з імі і выкладалі здымкі ў інтэрнэт.
На судзе мужчына сказаў, што птушак яму падаравалі. Ён збіраўся іх разводзіць і прадаваць у краме, якую планаваў адкрыць. Да рэгістрацыі крамы, па словах мужчыны, прадаваць птушак ён не збіраўся.
Суд пакараў правапарушальніка штрафам за прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі — 420 тысяч (2 базавыя велічыні). Акрамя таго, ён павінен кампенсаваць кошт папугаяў, якіх падатковая інспекцыя ацаніла ў 116,7 млн рублёў (больш за 5800 долараў).
Пастанова не набыла законную моц і можа быць абскарджаная ў законным парадку.