У Слаўгарадзе двое рабочых пякарні атруціліся чадным газам (фота)
22.04.2016 12:21
—
Разное
Новы выпадак атручэння чадным газам зафіксаваны ў Слаўгарадзе. 21 красавіка прыкладна апоўдні двое рабочых прыватнай хлебапякарні 1971 і 1984 года нараджэння былі дастаўленыя ў мясцовую раённую лякарню. Іх стан ацэньваўся як сярэдняй ступені цяжкасці, пацярпелых змясцілі ў палату інтэнсіўнай тэрапіі.
Як паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, у момант інцыдэнту на прадпрыемстве пяклі хлеб. На змене працавалі 4 чалавекі. Праз некаторы час у людзей пагоршылася самаадчуванне і яны выклікалі хуткую.
Хлебапякарная печка ROTOTHERM працуе на вадкім дызельным паліве.
Сёлета выпадкі атручэння чадным газам у Беларусі сталі частай з’явай. З пачатку года агульная колькасць пацярпелых ідзе ўжо на дзясяткі чалавек.