У цэнтры Маладзечна сярод старых дамоў вырасце 9-павярхоўка. Улады кажуць - архітэктурны акцэнт
За гандлёва-эканамічным каледжам пабудуюць дзевяціпавярховы дом. Пра гэта «Рэгіянальнай газеце» расказаў намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар.
— Дзевяціпавярховы дом на 54 кватэры плануецца здаць у студзені 2017 года. Дом будуецца долевым спосабам.
Гэта значыць, што людзі, якія жадаюць набыць кватэру ў гэтым доме, заключаюць дагавор і цягам будаўніцтва выплачваюць поўны кошт жылля. Пры гэтым, перад тым як заключыць дагавор з людзьмі, 15% будаўніцтва адбываецца за кошт заказчыка — упраўлення капітальнага будаўніцтва.
Жыхары дома № 60 па вуліцы Вялікі Гасцінец абураныя тым, што ў іх пад вокнамі вырасце 30-метровы дом. Ужо сёння, кажуць яны, у двары немагчыма ні пагуляць дзецям, ні падыхаць паветрам пенсіянерам, ні высушыць памытую бялізну.
У рэдакцыю звярнулася мясцовая жыхарка Тамара Аляксандраўна:
— Мы абураныя тым, што з нашым меркаваннем мясцовыя ўлады нават не вырашылі патрэбным лічыцца. Мы два тыдні бунтуем. Ці нармальна гэта, калі 92-гадовая жыхарка дома выходзіць на вуліцу, каб перагарадзіць дарогу тэхніцы?
Тамара Аляксандраўна расказала, што ў сувязі з будаўніцтвам сметніцу з двара рабочыя перасунулі акурат пад вокны жыхароў першага пад’езда.
— А хутка пацяплее, вы ўяўляеце, як мы будзем дыхаць гэтым паветрам?
Скардзяцца жыхары і на адсутнасць месцаў для паркоўкі ў двары, а таксама на тое, што дзецям цяпер няма дзе пагуляць.
— Тут не толькі дзеці гулялі, сюды прыходзілі маладыя людзі займацца спортам, тут жа ўсё для гэтага было: пляцоўка, турнікі. Памятаю, сам тут у маладосці займаўся, а цяпер — унук, — распавядае жыхар дома Валянцін Аляксандравіч. — Нам кажуць, што парк пад бокам. Але да парку не кожны дойдзе. Ды і такой пляцоўкі, як была ў нашым двары, паблізу нідзе няма.
Жыхар Руслан прыгадвае, што з просьбай пабудаваць у двары паркоўку хаця б на некалькі месцаў звярталіся да мясцовых уладаў неаднойчы.
— Адказ адзін: няма грошай. А нам машыну паставіць няма куды. Былі і з гэтым праблемы. Гаспадар крамы, што месціцца ў нашым доме, неаднаразова выклікаў ДАІ, калі нехта паркаваўся на стаянцы магазіна. Мы нават не супраць гэтага дома, ну што ж зробіш, калі так вырашылі, але можна ж і да нас па-чалавечы паставіцца?
Жыхары збіраюць подпісы і думаюць ісці да старшыні Маладзечанскага райвыканкама, каб той разабраўся ў складанай сітуацыі, у яны якой апынуліся.
Вадзім Цар на пытанне пра прэтэнзіі жыхароў адказаў:
— Гэтыя пытанні можна вырашыць цягам аднаго дня. Сметніца блізка да пад’езда — дык можна яе перасунуць. Дзецям гуляць няма дзе? А як жа парк, які насупраць?
Дзевяціпавярхоўка, якая ўжо ў лістападзе вырасце па Вялікім Гасцінцы, 60-а — адзіны вышынны будынак сярод чатырохпавярховых дамоў.
Як гэты дом упішацца ў архітэктуру горада, запыталіся мы ў начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Маладзечанскага райвыканкама Святланы Хрусталёвай.
— Будаўніцтва дзевяціпавярховага дома прадугледжанае дэталёвым праектам цэнтральнай часткі горада. Дом па Вялікім Гасцінцы стане пунктам акцэнту. Тут жа непадалёк месціцца 12-павярховы будынак гасцініцы і АТС. Такімі пунктамі-акцэнтамі, акрамя гэтага дома, стануць дамы па вуліцы Валынца, дзе быў дзіцячы садок, у двары па вуліцы Прытыцкага, на вуліцы Машэрава.
Згодна з нарматыўнымі дакументамі (Тэхнічны кодэкс існуючай практыкі), мінімальныя адлегласці паміж жылымі, сумежнымі будынкамі і будынкамі на тэрыторыі жылой забудовы не рэгламентуюцца.
Жылыя шматкватэрныя, у тым ліку і шматпавярховыя, дамы могуць размяшчацца паралельна адзін аднаму на невялікай адлегласці пры ўмове захавання супрацьпажарных правілаў і нормаў па інсаляцыі (апраменьванне паверхняў сонечным святлом) і асветленасці.
Адносна незадаволеных жыхароў суседніх дамоў, Святлана Хрусталёва тлумачыць, што па гэтым будаўніцтве яшчэ ў 2010 годзе прайшлі грамадскія абмеркаванні і тыя, хто хацеў, мог уносіць свае прапановы.
— Тады інфармацыя па абмеркаванні доўгі час была апублікаваная на сайце райвыканкама, пра гэта пісалі газеты і здымала сюжэт тэлебачанне. У нас захоўваюцца ўсе пратаколы той сустрэчы.
Яшчэ адно пытанне тычылася таго, ці могуць жыхары дамоў адчуваць сябе ў бяспецы, калі побач ідзе будаўніцтва i вышынныя краны працуюць акурат пад вокнамі:
— Гэта часовыя нязручнасці, трэба пацярпець. Вядома, усе меры па бяспецы будуць прынятыя. Будзе працаваць і тэхнагляд, і аўтарскі нагляд.
Святлана Хрусталёва тлумачыць, што новабудоўлі ў цэнтры горада — гэта адзінае выйсце:
— Ніхто нам не дазваляе будаваць на сельскагаспадарчых землях, а ў межах горада ўжо амаль не засталося незабудаваных плямаў. Таму і застаецца толькі будаваць дамы згодна з планам ушчыльнення гарадоў.
Сёння на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць каля 11 000 маладзечанцаў.
— А ў новых дамах прадугледжаныя кватэры і для сямей, якія стаяць на чарзе, — кажа Святлана Хрусталёва.