Следчы камітэт разбіраецца ў ДТЗ у Мінску, пры якім загінуў дарожны рабочы
Фота: БЕЛТА
Следчы камітэт высвятляе акалічнасці аўтааварыі на развязцы праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай, якая адбылася ўвечары 20 красавіка. Справай займаецца следча-аператыўная група. Пра гэта ў каментары БЕЛТА распавёў афіцыйны прадстаўнік ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.
Як паведамлялася раней, аўтамабіль "Пежо" наехаў на дарожнага рабочага, які загінуў пры ДТЗ, а потым зваліўся з моста. Па словах Герасімава, рабочаму было 25 гадоў.
33-гадовую жанчыну-кіроўцу шпіталізавалі. Таксама ў лякарню для абследавання даставілі шасцігадовага хлопчыка, які знаходзіўся ў аўтамабілі. Паводле папярэдняй ацэнкі медыкаў, жыццю пацярпелых нічога не пагражае.
"Разглядаюцца ўсе версіі здарэння, у тым ліку раптоўнае пагаршэнне самаадчування кіроўцы", — паведаміў Аляксандр Герасімаў.