Брутальная гісторыя
Тэлеканал «Беларусь 3» прадстаўляе чарговую работу аўтарскага калектыву Агенцтва тэленавін з серыі нашумелых гістарычных цыклаў — сагу «Шляхта. Брутальная гісторыя».
Новы праект прысвечаны беларускай шляхце. Гэты тэрмін і сёння многія атаясамліваюць з дваранствам, што памылкова. Бо калі ў Расіі дваране былі пры двары і падпарадкоўваліся асобам, якія царствавалі, то наша шляхта, наадварот, нават выбірала караля ў часы Рэчы Паспалітай. Вылучалася саслоўе і сярод іншай заходняй арыстакратыі. Аб гэтай і іншых асаблівасцях, якія робяць нашу шляхту свайго роду ўнікальнай, — у серыях новай сагі.
Галоўныя сааўтары цыкла — навуковая эліта з розных краін. Дырэктар Агенцтва тэленавін і кіраўнік праекта Кірыл Казакоў сцвярджае, што столькі фактаў і меркаванняў ніхто раней не прадстаўляў. Не абыдзецца ў фільмах і без «выкрыцця таямніц».
— Напрыклад, возьмем аднаго з Радзівілаў — Пане Каханку. Хто ён у легендах? Весялун, жартаўнік і п’яніца, які ездзіў на мядзведзях па солі замест снегу. Але ўспомнім тыя часы. Гэта быў даволі напружаны перыяд паміж ВКЛ і імперыяй. Апошняя і распускала чуткі пра магната, каб падарваць аўтарытэт сапраўднага стратэга і патрыёта на міжнароднай арэне. Ну чым не інфармацыйная вайна? — разважае аўтар праекта Міхаіл Равуцкі.
Першую серыю сагі гледачы ўбачаць 23 чэрвеня ў 19.10.
Нагадаем, папярэднія чатыры гістарычныя цыклы, створаныя аўтарскім калектывам Агенцтва тэленавін: «Слуцкія паясы. Тайныя знакі», «Радзівілы. Таямніцы Сям’і», «Нацыянальная дылогія. Статут ВКЛ», «Нацыянальная трылогія. Герб. Гімн. Сцяг», — былі адзначаны на вышэйшым узроўні і сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.