Зачыняюць беларускамоўную школу ў Камарове на Мядзельшчыне (+Відэа)

Источник материала:  
20.05.2014 — Разное

Урок матэматыкі ў 11 класе Камароўскай школы. Злева направа: Арцём Сіманайць, Лізавета Горбач, Дар’я Алёшка. Гэта – апошнія выпускнікі школы ў Камарове. Фота Настассі РОЎДЫ.

Сёлета на Мядзельшчыне закрываюць тры ўстановы адукацыі. Сярод іх – беларускамоўная Камароўская сярэдняя школа, дзе 38 вучняў. Што закрыццё школы значыць для вучняў, бацькоў і вёскі наогул, “РГ” распавялі мясцовыя жыхары.

На гадзінніку сем раніцы. Мы ўязджаем у Камарова, спыняем мінака ды пытаемся, дзе тут жывуць Масцяніцы.

– Праехалі вы ўжо. Трэба было ў першы паварот на Міру, – падказвае нам мясцовы жыхар.

Паўхвілінкі – і мы на месцы. На вуліцы дождж, але людзі ўжо папрачыналіся і сям-там заўважны рух.

Нас сустракае гаспадар, Франц Масцяніца. Тут жа выходзіць гаспадыня, спадарыня Вольга. На руках жанчына трымае малое дзіця. Гэта Данік, якому ўжо паўтара годзіка.

Вольга запрашае нас на кухню, ставіць чайнік. Да нас падцягваюцца яшчэ двое дзяцей. Сярэдні, Дзяніс, цяпер у шостым класе камароўскай школы. Ён у касцюме, пры гальштуку, збіраецца ў школу.

Дыяна, старэйшая, вучыцца ў дзявятым класе Свірскай школы. Год таму яе перавялі з Камароўскай. У школу ў роднай вёсцы яна хадзіла, пакуль не пачалі закрываць класы з адным вучнем.


Сям’я Масцяніцаў з Камарова. На першым плане самы малодшы – Данік. За сталом сядзяць Дыяна з татам Францам. За імі стаіць гаспадыня Вольга.

Дагэтуль дзяўчынка колькі гадоў займалася быццам з рэпетытарамі. Таму не дзіва, што, апынуўшыся ў класе разам з пятнаццаццю іншымі вучнямі, яе сярэдні бал знізіўся адразу больш чым на дзве адзінкі. Аднак прычына не толькі ў гэтым.

– Адразу было складана: новыя настаўнікі, рускамоўная школа. Некаторыя словы з падручнікаў нават даводзілася перакладаць са слоўнікам. А калі на занятках адказвала па-беларуску, то часта разумелі толькі настаўнікі. Ды і ўвогуле, загавары ў Свіры на беларускай мове, то пачынаюць падсмейвацца.

Для Дыяны новыя аднакласнікі не такія ўжо і новыя. Дзяўчынкай яна хадзіла ў пачатковую Свірскую школу. Цяпер вучыцца з тымі самымі дзецьмі.

– Здараецца, што аўтобус зламаецца, – працягвае дзяўчынка. – Асабліва зімой. Тады мы сядзім у школе і чакаем, пакуль яго адрамантуюць. Калі нешта не атрымліваецца, могуць іншы прыслаць.

У школу як на працу: ад 8 раніцы да 6 вечара

– Мы спрабавалі змагацца за тое, каб Дыяне дазволілі тут навучацца і далей, – распавядае Вольга. – Ездзілі да старшыні райвыканкама, але безвынікова.

– Мне не падабалася б вучыцца аднаму, – далучаецца да размовы Франц. – А вось дачка была вельмі задаволеная.

Цяпер школьніца выязджае з дому ў школу ў 8 гадзін раніцы. А вяртаецца ўжо бліжэй да шасці гадзін вечара. Свір хоць і знаходзіцца ў сямі кіламетрах, але пакуль кіроўца падбярэ па ваколіцах усіх вучняў, праходзіць з паўгадзіны.

А 9-й гадзіне пачынаюцца заняткі.

– Ці дамагаліся вы, каб у Свірскай школе з’явіліся беларускамоўныя класы?

– Пра гэта ўвогуле гаворка не ішла, – кажа Вольга. – А вось за тое, каб школу нам пакінулі, змагаліся. І подпісы збіралі, і пісалі ў Міністэрства адукацыі, і размаўлялі з мясцовымі ўладамі. Мабыць, дарэмна. Кажуць, што нявыгадна: мала вучняў і шмат настаўнікаў. А грошы ўсім плаціць трэба.

Цяпер у класах Камароўскай школы па пяць-шэсць вучняў.

– Школа недзе ў 15 хвілінах пешшу, – распавядае Дзяніс. – У мяне ў класе чатыры хлопчыкі і дзяўчынка. Вучыцца тут падабаецца. Я не толькі прадметамі займаюся, але і выпальваю на дошчачках машыны. Праўда, выклікаюць на занятках часта.

– Гэта ж вельмі важна! – уключаецца Вольга. – У дзяцей выпрацоўваецца адказнасць. Яны прывыклі вучыць урокі кожны дзень. Гэта не тое, што ў класе з 20 вучнямі. Калі дзеці думаюць: “Ага, сёння выклікалі, значыць, заўтра не спытаюць. Можна не рыхтавацца”. А тут яны мусяць займацца.

На самой справе, Дзяніс вельмі перажывае, што яму давядзецца перайсці ў іншую школу. Часта мне кажа: “Мама, як я там буду?”

На кухні на хвілінку ўсе замаўкаюць.

– Пра нашу школу можна гаварыць і гаварыць, – прамаўляе Вольга. – Шкада, што яе зачыняюць. Усе бацькі супраць, але гэта нічога не мяняе. Дзеці выходзяць пасля яе вельмі разумныя, адукаваныя. І настаўнікі ў нас цудоўныя. А якая добрая дырэктарка школы! Вы хаця напішыце, бо такі цудоўны чалавек, якіх пашукаць трэба. Вельмі спагадлівая жанчына, кожны раз прыходзіць на дапамогу.

Збудавалі дом, каб дзецям было куды ў школу хадзіць

Вольга цяпер у дэкрэтным адпачынку, а Франак працуе вартаўніком у вучылішчы. Маюць трактар, апрацоўваюць 20 сотак бульбы, свіней трымаюць.

– Гэты дом мы збудавалі гадоў дзесяць таму. Сама я з Ашмян, а Франц – з вёскі Багацькі, што паблізу, – распавядае гаспадыня.

– Там ужо практычна нікога не засталося, – дадае Франц. – Некалькі дамоў. Давялося будаваць жытло тут, каб дзецям было куды ў школу хадзіць. Бо калі я сам вучыўся, нас таксама вазілі. За тры кіламетры ў Канстанцінава. Каб вазіць багацькаўскіх дзяцей у школу, асобную машыну выдзялялі. Цяпер там ужо нікога няма, лес адзін ды пара лецішчаў. Раней жа больш за 30 жылых дамоў было.

Лёс Багацькаў паўтарыла Канстанцінава, цяпер паўтарае Камарова. Няма школы – і ўсе імкнуцца пераехаць туды, дзе дзеці змогуць вучыцца побач з домам.

– Я гатовы жыць у Багацьках, мне там нават лепш, – прызнаецца гаспадар. – Але мы спяшаліся як мага хутчэй збудаваць дом, каб хаця дзецям было як вучыцца.

Чаму закрываюць школу ў Камарове

У Венцавічах вучылі адну дзяўчынку

Праводзіўшы Дзяніса ў школу, мы едзем у Багацькі, родныя мясціны Франца. Праехаўшы амаль усю вёску, мы ўжо не спадзяваліся ўбачыць жывую душу.

Разваленыя, закінутыя дамы, у некаторых забітыя вокны. Але вось наперадзе заўважаем жанчыну, якая выйшла зірнуць, што за машына гудзе.

Як высветлілася з размовы, Леакадзія Яцына сама вучылася некалі ў суседняй вёсцы, у Венцавічах. І была адна на ўсю школу.


У Багацьках. Леакадзія Яцына распавядае пра лёс вёскі.

Цяпер у Багацьках толькі ў двух дамах ёсць жыхары. А на лета ўжо больш людзей прыязджае. Хто з Вільні, хто яшчэ адкуль-небудзь.

У Канстанцінаве можна пабачыць тое, што засталося ад былой школы. Драўляны будынак з забітымі вокнамі, з даўно выцвілай фарбай стаіць проста ля дарогі. Сюды і вазіла машына багацькаўскіх хлапчукоў ды дзяўчат на заняткі.


Школа ў Канстанцінаве, якая цяпер не працуе.


Тут збіралася інтэлігенцыя

У Камарове, куды вяртаемся праз пару гадзін, спыняемся побач са школай і ідзем да галоўнага будынка. Іх тут некалькі. У адным займаюцца вучні сярэдняй і старэйшай школ. У другім месцяцца малодшыя класы. У трэцім дзеці харчуюцца.

Перапынак. У калідоры ля ўваходаў у кабінеты гуртуюцца дзеці. Чутны іх смех.


Адзінаццацікласніца Святлана адказвае ля дошкі.


Тут займаюцца малодшыя вучні.

Гісторыя школы даўняя. Камароўская школа, раней Куцькаўская, існуе ад 1935 года.

Школа месцілася ў драўляным будынку, які сёння прызнаны помнікам архітэктуры.

Як распавяла дырэктарка камароўскай школы Таццяна Урбановіч, гэта некалі была польская школа, вельмі прыгожая, у цудоўным месцы, з вялікім садам. Аднак санітарна-гігіенічныя ўмовы не адпавядалі сучасным стандартам. Цяпер былы будынак школы здадзены ў арэнду, ён пустуе.

Калі 20 гадоў таму спадарыня Таццяна прыйшла працаваць, было 158 вучняў. Калі ж школа ў 2007 годзе пераехала ў новы будынак, вучняў было ўжо 72.

Цяпер у школе 38 вучняў. З іх восем прыязджаюць з суседніх вёсак. На пачатку навучальнага года было 42 вучні. Чацвёра маленькіх  казахаў вярнуліся са сваімі бацькамі на радзіму. Прыехала сям’я два гады таму, збіраліся займацца конегадоўляй. Але маме не падышоў клімат.

– А сям’я вельмі прыстойная, бацька нават піва ніколі не ўжываў. І дзеці іх вельмі хутка адаптаваліся, літаральна за месяц. Пасябравалі з мясцовымі. З мовай таксама праблем не было, – прыгадвае спадарыня Таццяна.

Настаўнікаў у Камарове 17. Адзін з іх знаходзіцца ў сацыяльным адпачынку па догляду за дзіцем. Два з іх – пенсіянеры. 87 працэнтаў настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю.

І вучні сапраўды атрымліваюць добрыя веды. Амаль усе паступаюць ва ўніверсітэты на дзённую бюджэтную форму навучання. Па выніках цэнтралізаванага тэставання камароўская школа на другім месцы ў рэйтынгу школ раёна.

У школе працуюць міжшкольныя факультатывы. Яны скіраваныя і на падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэставання.

Вёска пачне паміраць


У Камарове.

– Мне вельмі лёгка было працаваць і з настаўнікамі, і з бацькамі, якія заўсёды дапамагалі, калі ў тым была патрэба. Педагагічны калектыў тут вельмі прафесійны, адданы сваёй працы. Дзеці творчыя, лёгкія на пад’ём. Асяроддзе вельмі інтэлігентнае. Калгас ліквідавалі даўно, яго цэнтр перанеслі ў Свір. Па сутнасці, ніхто ў калгас у Свір і не пайшоў.

Цяпер настаўнікам ужо прапанавалі новыя месцы працы. Большасць паедзе ў суседнюю рускамоўную свірскую школу. Некаторым прапанавалі месцы выхавальнікаў груп падоўжанага дня.

– Што для Камарова будзе значыць закрыццё школы?

– Як і для любой вёскі, гэта будзе значыць, што яна пачне пакрысе паміраць. Гэта праблема не толькі Камарова. Я разумею, што гэта праблема вёскі наогул. Вось 9 мая ў нас прайшоў мітынг, і ўсе прысутныя падышлі, падзякавалі за апошні мітынг. Школа – цэнтр і культурнага жыцця, і палітычнага, і любога іншага.

Яны стануць апошнімі выпускнікамі школы


На занятку матэматыцы ў Камароўскай школе.

Мы ідзем на ўрок у 11 клас. Усе шасцёра вучняў цяпер на матэматыцы: Даша Алёшка, Ліза Горбач, Света Юркевіч, Ян Папкоў, Вадзім Алянцей, Арцём Сіманайць.

Заняткі вядзе Алена Дунец.

Вучаніца рашае задачу на дошцы, астатнія дапамагаюць са сваіх месцаў.

Ім пашанцавала. Сваё навучанне яны скончаць у роднай школе з роднымі настаўнікамі. Правядуць тут свой апошні званок.

А ўся вёска прыйдзе паглядзець на іх. Прыйдзе праводзіць у дарослае жыццё. Прыйдзе паслухаць апошні званок, які стане сапраўды апошнім для кожнага жыхара Камарова.

Іван Драўніцкі: “Не трэба пакуль закрываць школу – у вёскі ёсць перспектыва”

Фота і відэа Настассі РОЎДЫ.

←Первые автобусы в Крым с белорусскими туристами пойдут в обход Украины

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика