Удзельнікі дуэта “Браты-славяне” перакананы, што для душэўнага спакою лепш жыць у Вілейцы”
Міхаіл Ермаковіч і Сяргей Скаражонак выступаюць на дабрачынным канцэрце ў Вілейцы. Фота забяспечана Міхаілам Ермаковічам і Сяргеем Скаражонкам.
Набірае папулярнасць апошнім часам вілейскі дуэт “Браты-славяне”.Пабачыць выступленні Міхаіла Ермаковіча і Сяргея Скаражонка можна на беларускіх тэлеканалах (напрыклад, дуэт стаў фіналістам тэлешоу “Спяваючыя горады”). Разам з экс-салістам “Песняроў” Валерыем Скаражонкам віляйчане ўдзельнічаюць у “Песні года” і змагаюцца за тытул “Лепшая беларускамоўная песня” на “Нацыянальнай музычнай прэміі”, выступаюць на “Славянскім базары”, гастралююць у Беларусі і Расіі.
У інтэрв'ю нашаму карэспандэнту Сяргей і Міхаіл расказалі, як з жартаў пра гадаванне кабаноў нарадзіўся дуэт, пасумавалі па тым часе, калі кожны другі юнак тромкаў на гітары ў парку, прыгадалі, як яны даказваюць у Расіі, што ў Беларусі бульба не звядзецца.
“Першы раз убачыліся і падумалі, што трэба ехаць граць вяселле”
– Як вы пазнаёміліся?
Сяргей: Мы знаёмы з 1994 года, з 1996 разам працавалі ў ансамблі народнай музыкі “Весялінка” вілейскага Палаца культуры. Гэта такі рэдкі выпадак, калі знайшлі агульную мову два чалавекі з рознымі музычнымі поглядамі. Ён “народнік”, які любіў джаз-рок, я быў рокер. І атрымалася так, што мы сталі ў аранжыроўках адзін аднаго дапаўняць. Спачатку спрабавалі сябе ў народнай музыцы. Нават у экспедыцыі пару разоў ездзілі па вёсках, збіралі матэрыял. Аранжыравалі, рабілі своеасаблівы фольк-рок.
Удзельнікі ансамбля народнай музыкі “Весялінка” (злева направа) верхні рад: Іван Валынец, Сяргей Ількевіч, Сяргей Скаражонак, Міхаіл Ермаковіч. ніжні рад: Аксана Зюбіна, Таццяна Новікава, Святлана Гакуць, Алёна Мамай, Святлана Каркотка.
Міхаіл: У народную музыку не паглыбляліся, бо яна патрабуе не толькі асаблівай увагі, але і адпаведнага стылю жыцця. Бралі апрацаваны рэпертуар і стылізавалі самі. Але ўплыў фальклору на мелодыку нашых уласных твораў значны.
Сяргей: Ва ўсялякім выпадку, стылізаваная музыка больш даступная для шырокіх народных мас. Каб у 1995 годзе мне хтосьці сказаў, што я буду любіць народную песню, то не паверыў бы. Але тым не менш гэта адразу вылілася ў такую цярпімасць, а потым і ў любоў.
– Упершыню адзін аднаго убачылі, што падумалі?
Сяргей:Першы раз мы ўбачыліся і падумалі, што трэба ехаць граць вяселле, зарабляць грошы (смяецца). Такое знаёмства было. Для мяне вельмі важна, калі ў чалавека ёсць пачуццё гумару. У Мішы яно такое яркае, своеасаблівае – мы яшчэ і таму агульную мову знаходзім. У нас, дарэчы, шмат гумарных песень.
А калі сказаць, што яго ўбачыў, і ўсё – паплечнік, такога, вядома, не было. Мы таксама прыціраліся доўгі час. Былі моманты, калі хтосьці захапляўся празмерна якімі напрацоўкамі, не пакідаючы месца для другога. З гадамі ўсё шліфавалася. Галоўнае – трэба навучыцца паважаць музычныя погляды, музычнае самавыяўленне твайго таварыша. Ніколі не трэба спяшацца выказваць сваё меркаванне: пачакай дзень, два, тры – яно ўляжацца і падумаеш: “А сапраўды, арганічна атрымліваецца”. Бяда многіх музыкантаў, што яны не ўмеюць паважаць меркаванне калег па цэху.
– Значыць, цэніце ў таварышы пачуццё гумару. Што яшчэ?
Сяргей: Адказнасць. Ведаю, што калі трэба нешта зрабіць, то Міша зробіць гэта своечасова і якасна. Цаню тое, што ён шмат хто ў адным – кіроўца, музыкант, вакаліст.
Міхаіл: Мы даўно сыграліся, я давяраю густу Сяргея і ніколі не перарабляю тое, што зроблена ім. Ён – пунктуальны, адказны, працавіты і, як кажуць у народзе, цягавы.
Сяргей:Дзякуй, Міша. Два плугі можна чапляць, так? (усміхаецца).
Гісторыя дуэта пачалася з “Кабаноў”
– А дуэт “Браты-славяне” калі з'явіўся?
Сяргей: Адразу былі ў “Весялінцы”. А потым дзесьці ў годзе 2004 у нас “папёрлі” гумарныя песні. Першая песня была пра кабаноў. У мяне маці трымала трох кабаноў і карову. Міша з Маладзечна, а "паншчыну адбываў" у бабулі ў Любані – там тая ж песня. Словам, тэматыка вясковая для нас не чужая, і мы пачалі жартаваць на гэту тэму. З'явілася песня “Кабаны”, народ успрыняў. Сталічныя людзі яе не зразумеюць, толькі той, хто вырас на гаспадарцы. І далей пайшло-паехала. “Рыбалка”, “Хачу ў сталіцу” – цэлая куча ў нас такіх песень.
– Далей гісторыя “Братоў-славян” як развівалася?
Сяргей: Атрымалася як. Сяргей Шкурдзэ гэтых самых “Кабаноў” пеў яшчэ ў “Весялінцы”. Калі ён працаваў у Беларускім дзяржаўным ансамблі “Песняры”, напеў на нейкай рэпетыцыі.
І кіраўнік “Песняроў” Вячаслаў Шарапаў звярнуў увагу:“Што за песня такая прыкольная?”. Паклікалі нас (мой брат Валера ў той час ужо быў салістам у “Песнярах”). Паказалі матэрыял. Вячаслаў Шарапаў дапамог нам запісаць “Кабаноў”. Нас узялі на заметку, мы перыядычна прыязджалі, паказвалі свой рэпертуар.
Валера ўжо тады трымаў нос па ветру. Ён прыкінуў: “Ага. І жартоўныя песні ёсць, і лірычныя неблагія, нешта ад “Песняроў”, а нешта сваё”. Мы ніколі не капіравалі, не задаваліся мэтай кагосьці пераймаць. Потым з Валерам сталі шчыльна супрацоўнічаць у годзе 2009. Давалі канцэрты на невялікіх пляцоўках: Валера як саліст, мы як акампаніруючая група, плюс таксама пелі свае песні. А потым, калі ён у 2012 годзе сышоў з “Песняроў”, мы ўшчыльную заняліся гэтым праектам – “Браты-славяне” і Валеры Скаражонак.
– Якая роля вашага брата ў праекце?
Сяргей: Па-першае, у яго пазнавальны медыйны твар, яго можна назваць прадзюсарам – займаецца арганізацыйнымі момантамі. Плюс ён цудоўны вакаліст, мае такі рэдкі тэнар. І мы вельмі арганічна пераплятаемся утраіх. Мы з Мішам займаемся аранжыроўкай, прапісваем усё самі, і жывыя інструменты у тым ліку – толькі барабаны нам запісвае сябра Сяргей Шкурдзэ. Міша да таго ж цудоўна валодае камп'ютарнымі праграмамі для запісу.
– А тэксты чые?
Міхаіл: Яны ў нас агульныя, у сааўтарстве нараджаюцца.
Тэксты падказвае жыццё. А яшчэ моцна дапамагае пачуццё гумару.
– Як так атрымліваецца?
Сяргей: А па-розным. Бывае два слупкі Міша прыдумае, адзін – я. А бывае кожны па радку – і думаем. Потым перадумваем. Самае галоўнае тое, што калі нараджаюцца якія мелодыі, тэксты – не трэба адносіцца да іх з пачуццём уласнасці. Справа ў тым, што большасць музыкантаў, паэтаў – дзікія ўласнікі. Талент табе даецца, ты ўсяго толькі праваднік. На цябе праменьчык сышоў і ты нешта стварыў. Без гэтага праменьчыка, без Божай дапамогі не атрымаецца.
Мы з Мішай гэта даўно зразумелі, таму мы не крычым: “О я напісаў, о гэта маё”. Сёння ён нешта больш прыдумаў, заўтра я – і разам атрымліваецца.
– І мелодыя агульныя?
Сяргей: Як правіла. Бывае, на погляд Мішы ў мяне нейкі кавалак атрымаўся не вельмі ўдалым. Ён тады закруціць па-іншаму. Адразу, бывае, у штыкі ўспрымеш, а паслухаеш дзень-два і скажаш: “А ведаеш, твой варыянт лепшы”. Трэба проста ўмець чакаць і паважліва адносіцца да меркавання другога.
Міхаіл: Прытым, “Браты-славяне” як група сфарміраваліся ў падчас працы для душы. Гэта было як хобі. Мы ніколі не ставілі сваю творчасць на канвеер. Ніхто не падганяў: трэба для перадачы нешта напісаць ці канцэрта. Галоўнае не рамеснічаць. Ёсць натхненне – напісаў, а няма нічога арыгінальнага, лепей не брацца.
Гурт “Парламент” (злева направа) Сяргей Шкурдзэ, Сяргей Скаражонак, Міхаіл Ермаковіч, Сяргей Ількевіч.
Ад хард-року да “Братоў-славян”
– У вас да “Братоў-славян” быў такі перыяд хард-рокавы...
Сяргей: Дзесьці ў 1997 годзе Міша, я, Сяргей Шкурдзе і Сяргей Ількевіч заняліся паралельна з “Весялінкай” хард-рокам. Гурт “Парламент” год шэсць праіснаваў.
– Вам дзе было больш утульна: у вобразе рокераў ці цяпер?
Сяргей: У тым узросце казалася, што я лепш самавыяўляўся ў року. Прайшоў час, зараз цаню кантакт з народам. Калі ты працуеш у хард-рокавай групе, то то ты як бы на дыстанцыі: вось такі быццам месія, які спрабуе павучаць, нейкія думкі выказаць людзям. А калі пачалі пець усе гэтыя песні – “Кабаны”, “Рыбалку” – мы заўважылі, што імгненна адбываецца кантакт з людзьмі. Ты бачыш іх вочы, і гэта зусім іншае. Зараз для мяне не важны стыль. Вось гэта музыка, вясёлая і простая, яна абуджае ў людзей добрыя эмоцыі, прымушае смяяцца ці перажываць, узнімае настрой. Чаго не скажаш пра рок. Рок-музыка яна ў прынцыпе энергічная, таксама пабуджае да дзеянняў, але як правіла жосткасць музыкі прадугледжвае тэксты нерамантачныя, парой трагічныя. Пасля канцэрта няма таго адчування, што ты падараваў людзям дабро. А пасля “Кветачкі” ці жартоўных песень – у зале наступае асаблівая атмасфера. Мы спяваем пра тое, што да болі зразумела, але, можа, у паўсядзённым жыцці людзі не звярталі ўвагі на такія моманты.
Не трэба любіць сябе ў вобразе, калі ты выступаеш. А трэба любіць людзей – вось гэта самае галоўнае.
“Дранікі” на ўра прымаюць у Расіі
– Дзе з гастролямі “Браты-славяне” былі?
Сяргей: У асноўным у Беларусі. Бываем у Расіі. Тым больш Валеру там многія ведаюць. Там і нашы песні няблага ўспрымаюць. Успомнілі пра песню “Дранікі” Ігара Паліводы, якія была напісана ў 1992 годзе, для “Калекцыі беларускіх хітоў” аранжыравалі па-свойму. Былі ў Расіі, два тыдні па Растоўскай вобласці выступалі. Песня абсалютна незнаёмая, на беларускай мове. А народ уставаў і апладзіраваў. “Дранікі духмяныя, дранікі са шкваркамі”– усім усё зразумела.
Тым больш што ў Валеры такая фактура, больш за 100 кілаграм – якраз пад гэту песню. Спявае: “У Беларусі бульба не звядзецца”. Гледзячы на Валеру, усе адразу разумеюць – так і ёсць, не звядзецца.
Валеры Скаражонак (злева) і гурт “Браты-славяне”.
– Ведаю, вы і ў дабрачынных канцэртах удзельнічаеце...
Сяргей: Грошы, вядома, добра: з гэтага жывеш. Але яны – не ўсё ў жыцці. Калі нас запрашаюць і маем час, атрымліваецца выступіць, – чаму б не.
Міхаіл: Як жа ў такой справе адмовіш? Тым больш, што дабрачынныя канцэрты дадаюць сілы.
– Апошнія гады нярэдка на тэлебачанні з'яўляецеся. Які лічыце, які ваш найбольшы поспех?
Сяргей: Самы вялікі поспех, што наша песня “Кветачка” трапіла на тэлеканале ОНТ у “Песню года”. Хай яна не перамагла ў нейкай намінацыі, але было 300 заявак – і наша песня ўвайшла ў лік 30-ці лепшых песень.
Міхаіл: Усе асноўныя беларускія тэлеканалы яе паказалі. Гэта прыемна.
– Ведаю, вы альбом першы збіраецеся выпусціць...
Сяргей: Ёсць такая задума. Думаем, што гэта будзе бліжэй да канца года.
“Вілейка – горад утульны”
– Не шкадуеце, што жывяце ў Вілейцы, у правінцыі? Здаецца, для артыста ў Мінску было б больш перспектыў?
Сяргей: Я тут нарадзіўся і вырас. Гарадок утульны, мне падабаецца. Жыву ў прыватным доме. Лужок, елачкі – гэта супакойвае, энергетычна аднаўляе. Трэба да рэчкі – пяць хвілін ад дому і я там. Вакол лясы. Атрымліваецца, як бы ў горадзе жывеш і як бы ў вёсцы. Чым большы населены пункт, тым больш нервознасці, мітусні ў людзей. А што датычыць творчасці, то мітусня для яе не лепшы таварыш.
Што тычыцца Мінска, то жонка ў мяне мінчанка, маглі б там жыць. Але не маё. Прыехаць у сталіцу, папрацаваць, выступіць, па крамах праехаць – так, здорава. Але для душэўнага спакою – у Вілейцы лепш.
Міхаіл: Я нарадзіўся ў Маладзечне. Жыву ў Вілейцы, прыжыўся ўжо. Тут неяк больш спакойна і ўтульна. Такая абстаноўка спрыяе разуменню свайго месца ў жыцці.
– Як вас па тэлебачанні пачалі паказваць, што людзі сталі гаварыць у Вілейцы?
Сяргей: Адносіны розныя. Хтосьці радуецца, падыходзіць, абдымае. Хтосьці пачынае дыстанцыю трымаць:“Вы ж цяпер “зоркі”. Якія мы зоркі, нічога ж не змянілася! Ды і само паняцце “зорка” – гэта глупства поўнае. Вось у Савецкім Саюзе не было такога паняцця, было – “папулярны артыст”. Вось гэта добра. У гэтым плане паважаю Юрыя Шаўчука з ДДТ – настолькі ён просты. Ён не крывіць душой: як на сцэне да людзей з усёй душой, так і ў жыцці. А ў многіх артыстаў, атрымлівацца, на сцэне адзін імідж, а ў жыцці – “я недасягальны”.
– Асноўнае месца працы ў вас – выкладчыкі музыкі Вілейскай гімназіі №2. Чаму дзяцей вучыце?
Сяргей: Я – ігры на класічнай гітары.
Міхаіл: На акардэоне і блок-флейце.
– Як з цікавасцю ў дзяцей да заняткаў?
Сяргей:Яна меншае, нават яшчэ год дзесяць таму большая была. Славу Богу, ёсць такія дзеці, у якіх вочы гараць, якія радасна бяруцца за інструмент. Усе бяда ў тым, што раней, калі не было камп'ютара, кожны хацеў бы тварцом. Не важна, як як ён гэтыя акорды з-за вуха вывучыць. Помню, кожны другі ў парку сядзеў, тромкаў на гітары, каб на дзяўчыну ўражанне зрабіць. Не важна, што не спяваеш – хоць прагугнявіш нешта, на гітары падыграеш – ты ужо герой. А зараз хочаш зрабіць уражанне – прыйдзі з крутым тэлефонам, у крутых шмотках.
Міхаіл: Цікавасць ёсць: артыстаў з акардэонам паказваюць па тэлебачанні. Але ж гэта трэба займацца, патрэбны намаганні. А дзеці ўжо прывыклі, што зараз усё ў руках, толькі націсні – навошта вучыцца?!
Пра любімую музыку і канцэрты
– Ваша любімая музыка?
Сяргей:“Pink Floyd”, Стынг – у іх шмат пераняў у плане аранжыровак. У “Песнярах” 80-х гадоў аранжыроўкі вельмі яркія – у іх вучыўся. І па галасах ёсць чаму павучыцца. І яшчэ такі гурт быў стары “Арэра” – па галасах моцна гучалі. “Queen” – гэта вышэйшая ліга, што датычыць голасавядзення,“E. L. O.” – у іх таксама ёсць чаму павучыцца.
Складаная музыка – не значыць душэўная. Мы, наадварот, імкнемся складаных партый для гітары, клавішных не браць, бо гэта не самае галоўнае. У “The Beatles” усё вельмі проста, але для душы тое, што трэба.
Міхаіл: Выканаўцы і гурты ў стылi “джаз-рок”, класічная сімфанічная музыка. Пад настрой магу ўключыць і поп-музыку. Увогуле, люблю слухаць музыку, там дзе яна сапраўды ёсць. У “ABBA” па мелодыцы такія цудоўныя песні: меладычныя і запамінальныя. Мне яшчэ фальклор падабаецца ў выкананні традыцыйных носьбітаў.
– Над песнямі дзе працуеце?
Сяргей: Ёсць неабходныя ўмовы ў гімназіі, але часцей гэта адбываецца дома. Цяпер з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі працаваць усюды зручна.
Міхаіл: Сяргей Шкурдзе працуе з намі ўвогуле дыстанцыйна. Яму па электроннай пошце перасылаем “чарнавік”, а ён праслухоўвае і праз нейкі час вяртае ўжо гатовыя запісаныя партыі ўдарных.
– А з рэпертуару “Братоў-славян” якая самая любімая песня для вас?
Сяргей: Над якой працуеш, тая самая і любімая. Не магу выдзеліць самую любімую. Прытрымліваюся такога меркавання, як некалі, здаецца, адказаў лідар “Pink Floyd” Дэвід Гілмар “Любімая песня? Яна яшчэ не напісаная”.
Міхаіл:
У нас ёсць аднайменная песня “Браты-славяне”. Не скажаш, што яна самая лепшая, але для мяне яна каштоўная, бо адлюстроўвае нашы думкі. У кожную песню ўкладваеш частку душы, таму яны ўсе для нас любімыя.
– Самы запамінальны ваш канцэрт?
Сяргей: Складана сказаць. Самае значнае выступленне адбылося мінулым годам на “Славянскім базары”. Хоць усё вырашалася спантанна, але менавіта ад гэтага канцэрта мы атрымалі вялікае задавальненне. Зала шматтысячная і цябе слухаюць, прымаюць, апладзіруюць. Гэта здорава! Спявалі рускую версію “А hard`s days night” “The Beatles”. Ну і ўручэнне дыплома на “Песні года” за кампазіцыю “Кветачка” запомнілася таксама.