Вілейка. Хоць і з кійком, але на рэпетыцыю хору завітаюць
Народны хор ветэранаў вайны і працы Вілейскага Палаца культуры. Фота забяспечана Жаннай БАРТКЕВІЧ.
Нядаўна 25-годзе адзначыў народны хор ветэранаў вайны і працы Вілейскага Палаца культуры.Каб падрабязней даведацца пра яго гісторыю і сучаснасць, звярнуліся да Зоі Наўрось. У хоры янабольш за дваццаць год, была акампаніятарам, кіраўніком.
– Як у Вілейцы з’явіўся хор ветэранаў?
– Пачалося ўсё з таго, што ў Вілейку прыехала з Магілёва Лідзія Пашкоўская. Яна сказала, што ў Магілёве вельмі добры хор ветэранаў, чаму б і ў Вілейцы такі не арганізаваць.
Кіраўніцтва раёна пайшло насустрач. Лідзія хадзіла па арганізацыях, запрашала людзей. Кіраваць хорам стаў Аляксандр Махнач. І вось у 1989 годзе хор ветэранаў пачаў сваё існаванне. Спачатку была жаночая група, потым мужчыны пачалі ўлівацца. Неўзабаве ў хоры было больш за 30-ць чалавек. Шмат інтэлігенцыі спявала: дактары, педагогі… Апроч хору была жаночая і мужчынская вакальныя групы, квартэты, дуэты. А яшчэ ў нас была акампаніруючая група: на гітарах, балалайках, скрыпках і домры ігралі. Калі пайшла на пенсію, мяне запрасілі ў хор. Доўгі час была акампаніятарам, пасля смерці Аляксандра Махнача з 2009 года кіравала хорам.
Дзе б ні былі – дыпломы везлі
– І якіх поспехаў хору удалося дасягнуць?
– Праз два гады хору было прысвоена званне народны. І цяпер пацвярджаем яго кожныя тры гады. Калектыў станавіўся дыпламантам і лаўрэатам розных фестываляў і конкурсаў, у тым ліку рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ў 1992 годзе. Дзе б ні бывалі – дыплом ці грамату мы атрымлівалі абавязкова. У многіх гарадах выступалі: Мінск, Брэст, Стоўбцы, Узда… Пастаянна ўдзельнічалі у фестывалі “Пеўчае поле” на возеры Нарач.
– Якія паездкі запомніліся найбольш?
– Прыгадваецца канцэрт у сталічным Доме афіцэраў. Там выступалі 32 народныя калектывы з усёй Беларусі, і мы тады занялі першае месца. Уручылі нам дарагі падарунак, граматы – усе былі такія задаволеныя.
Запомнілася паездка на радзіму Махнача – у вёсачку ля Узды. Як нас там сустракала яго мама, малаком свежанькім ад кароўкі паіла, як шчыра частавалі у Доме культуры.
– Назавіце тых хто, хто доўгі час у хоры спявае...
– Гэта Алена Дубовік, Алена Конанава, Лілія Максімава, Наталля і Усевалад Шкадзінскія, Галіна Капцюг, Вера Сепселева, Ала Хаустова, Таісія Радзевіч, Леанід Герасімовіч, Браніслава Пагуда, Раіса Кіргет, Людміла Кузьміна. Авенір Капцюг нават з Заброддзя прыязджае на рэпетыцыі.
У хор прыходзілі людзі рознага узросту, нават 80-гадовыя. А час ідзе, 32 чалавекі пашлі ўжо з жыцця. Але хор абнаўляецца, за апошні час – амаль напалову.
У рэпертуары – больш за сотню песень
– Такім чынам, сённяшні дзень хору – які ён?
– Хор не спыняе працу, двойчы на тыдзень збіраемся на рэпетыцыі, ездзім з канцэртамі, абнаўляем рэпертуар. Спяваюць зараз у нас 32 чалавекі.
Папоўніліся хор зараз добрымі салістамі. Гэта Мікалай і Зінаіда Дударчыкі, Аляксей Камінскі, Пётр Уласенка, Валерый Карабейка, Эдуард Мікуліч, Алена Лаўрыновіч, Тамара Баслык, Валянціна Місюль...
– Колькі ж песень у рэпертуары хору?
– Больш за сотню. Сярод іх рускія, беларускія, ўкраінскія. Спяваем і песні мясцовых аўтараў.
– Зоя Стэфанаўна, а якія песні найбольш любімыя ва ўдзельнікаў?
– “Ты ў маім сэрцы, Вілейка” на музыку Аляксандра Махнача, “Ішлі ў паход партызаны, “Варяг”, “Офицеры”, папуры з ваенных песень.
– На ваш погляд, якая асаблівасць вілейскага хору?
– У асноўным у тым, што мы патрыятычныя песні спяваем, і тое, што песні мясцовых аўтараў выконваем.
– Чым стаў для вас хор?
– Гэта мая душа, маё жыццё. Хоць пасля траўмы хаджу з кійком, але не магу пакінуць хор: ірвецца мая душа туды, на рэпетыцыі. Дык вось цяперашні кіраўнік хору Уладзімір Навуменкаў прывозіць, адвозіць мяне на рэпетыцыі.
Многія былыя ўдзельнікі па стане здароўе не могуць прыйсці, некаторым жа і 90 год набліжаецца, але пра хор яны ўспамінаюць як пра светлае мінулае.
Бо гэта ж цікава, мы кожнага віншуем з днём нараджэння, адзначаем святы – словам, жывём адной дружнай сям’ёй. Таму і той, хто пакінуў хор, і той, хто зараз спявае, цэняць праведзены тут час і магчымасць паказаць свае таленты гледачам.