Каляндар: 200 год Яўстафію Тышкевічу, 80 Уладзіміру Конану
Яўстафій Тышкевіч.
Чым слаўны гэты тыдзень, чытайце далей.18 красавіка. 200 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча (1814 – 1873), беларускага археолага, гісторыка, этнографа і краязнаўца, аднаго з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі.
***
1952 год. За адну ноч з Заходняй Беларусі на ўсход СССР вывезлі 1683 сям’і, што былі абвінавачаныя ў “варожай дзейнасці супраць калгасаў”.
***
20 красавіка. Вялікдзень (па календарах праваслаўнай і каталіцкай канфесій).
***
22 красавіка. Міжнародны дзень Зямлі.
***
23 красавіка. 125 гадоў з дня нараджэння Васіля Лявонава (1889 – 1972), вучонага-педыятра, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзеяча навукі, заснавальніка беларускай школы педыятраў.
***
80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Конана (1934 – 2011), беларускага філосафа, гісторыка, літаратурнага крытыка, літаратуразнаўца.
***
130 гадоў назад (1884) у вёсцы Качаны Мядзельскага раёна нарадзіўся Сямён Шаранговіч, кадравы ваенны, удзельнік грамадзянскай вайны, у 1936 – 1957 гадах – старшы інжынер Маскоўскага аўтамабільнага завода імя Ліхачова. Яго імем у Мядзеле і Маладзечне названыя вуліцы.
***
440 гадоў з часу выдання (1574) Сымонам Будным у мястэчку Лоск каля Валожына Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі.
***
435 гадоў назад (1579) Гродна стаў рэзідэнцыяй караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага Стэфана Баторыя.
***
245 гадоў з часу заснавання (1769) шклозавода “Залессе” (першапачаткова існаваў як шкляная мануфактура ў мястэчку Ілья, з 1855 г. пераведзена ў в. Залессе).
***
220 гадоў назад (1794) у Польшчы, Беларусі і Літве пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, на Маладзечаншчыне дзейнічаў атрад Міхала Агінскага.
***
190 гадоў назад нарадзіўся Юльян Бакшанскі (1824 - 04.04.1863) у маёнтку Тупальшчына Свянцянскага павета, цяпер Смаргонскі раён, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, публіцыст, загінуў у вёсцы Свечкі, пахаваны ў Плябані Маладзечанскага раёна.
Марыя БЕРАСНЕВА.