Лэдзі ды іншыя птушыныя сябры Смятаніных
![](http://www.21.by/pub/news/2014/04/1396843322634866.jpg)
Фота з калекцыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.
У вёсцы Малая Сырмеж на Мядзельшчыне ёсць невялікая арніталагічная пляцоўка. Стварыла яе сям'я Смятаніных.У сваім садзе Віктар і Наталля ўладкавалі такія кармушкі, каб і птушкі маглі падмацавацца, і людзі маглі за імі назіраць. А сініцы ўжо так асмялелі, што корм бяруць з далоняў.
Жывуць Смятаніны ў Малой Сырмежы нядоўга – шэсць год. Прыехалі яны з Далёкага Усходу.
– Вырашылі з мужам пераехаць жыць сюды пасля выхаду на пенсію. Сама я з Беларусі, карані мае тут: бацькі і сваякі з Пастаў, – расказвае Наталля Смятаніна. – Набылі ў вёсцы дом з участкам і даводзім да ладу. Да гэтага мы 20 год працавалі ў сферы экалагічнага турызму. Былі прадстаўнікамі арганізацыі “Расійскі Зялёны крыж” і актыўна займаліся экалагічнай адукацыяй дзяцей і дарослых. Вырашылі і тут знайсці справу для душы. Пазнаёміліся з супрацоўнікамі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, чыталі літаратуру пра гэты край, бо было вельмі цікава: новая тэрыторыя, новыя людзі. І вырашылі зрабіць невялікую арніталагічную пляцоўку у сваім садзе.
– Што яна сабой ўяўляе?
– Па ўсім садзе развешаны кармушкі. А каб птушкі не перашкаджалі адна адной, кармушкі разнеслі па садзе. Для варон – у адным баку, у сінічак – сваё месца, для вераб'ёў – адмысловы пянёк. А жэрдка-кармушка для ўсіх, там такі бутэрброд: сала з яблычкам. Частку з кармушак муж праектаваў сам. Зроблены яны так, каб птушкі маглі падсілкавацца і не перашкаджаць людзям фатаграфаваць і любавацца імі.
Пляцоўку Смятаніны пачалі ствараць адразу пасля з'яўлення ў Малой Сырмежы.
– Для таго, каб сініцы сталі ручнымі, яны павінны пражыць на адным месцы, падкормлівацца тры гады. Толькі тады яны пачынаюць браць ежу з рук, – тлумачыць Наталля. – Звычайна зімой нас наведваюць каля 40 сініц, каля 35 з іх – ручныя. Пару варон “замацаваны” за нашым участкам, прылятаюць вераб'і, дразды, сойкі, дзятлы, шпакі, снегіры і іншыя птушкі. Сініцы настолькі прызвычаіліся да нас, што бяруць корм з далоняў. Але ў гэтую зіму птушак менш прылятала: цяплейшая яна была.
– І калі птушкі ў вас на ўчастку з'яўляюцца?
– Летам яны па сваіх справах лётаюць. Наведваюць з канца жніўня, правяраюць раніцай ці на месцы кармушкі, ці ёсць корм.
– Сярод птушак якія самыя любімыя?
– Я іх усіх люблю, – успыхвае усмешкай Наталля. – У кожнай свой характар, звычкі, асаблівасці паводзін. Але больш за ўсіх душа ляжыць да сінічкі-блакітніцы. Яны прылятае і жыве ў нас у садзе. Між сабой называем Лэдзі. Бо яна садзіцца на руку, глядзіць у вочы, потым спакойна выбірае семку, і толькі тады ўлятае.
Лэдзі прыляцела за семкамі. Фота з калекцыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.
– А мянушкі ў многіх птушак ёсць?
– Толькі ў самых яркіх, бо 30-40 не назавеш. Але пра кожную птушку можна штосьці расказаць. Пазалетась да нас упершыню прыляцеў чорны дрозд. Не ведала, што гэта за птушка такая – давялося кансультавацца у Нацпарку. Яна амаль што поўзала па зямлі: настолькі была аслабленая, лётаць ужо не магла. Мы не ведалі, чым гэту птушку карміць. Нам параілі даваць маса, сала – ёй не спадабалася. Да новага года дрозд абабраў ўсё плады вінаградаўніка. І паўстала пытанне, чым яго карміць і як разам перажыць зіму.
Прапанавалі даць яблык (дразды ў прыродзе яблыкі не ядуць). У кармушку паклалі знізу кавалак сала, а уверх на цвічок – яблычак. Праз дні тры дрозд убачыў, што яблыкі добра ядуць сойкі, сініцы і іншыя птушкі. Ён таксама пачаў есці яблык. І калі ўбачыла, што дрозд падняўся на ногі і стаў актыўна лятаць, у мяне ад душы адлегла: зразумела, што гэту зіму мы перазімуем.
– Як людзі адносяцца да вашых птушак?
– Вельмі станоўча, яны ад іх проста ў захапленні. А той, хто зімой бывае, шчоўкае фотаапаратам з раніцы да вечара.
Апроч стварэння пляцоўкі для птушак Смятаніны адрамантавалі памяшканне, дзе можна зрабіць прыватную выставу.
– У мяне ёсць дзве калекцыі: “Каралы і ракавіны”, і “Плады, насенне раслін свету”. Гэта дае магчымасць праводзіць экалагічныя ўрокі для дзяцей, – кажа Наталля. – А яшчэ мы распрацавалі экскурсію “Нарацкая Рыўера” і абаранілі яе ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Экскурсія ахоплівае наваколле Малой Сырмежы: рака Малінаўка, лес. Тут можна пабачыць прыродныя аб’екты: мурашнік, балота, гняздоўе птушак, разнастайныя рэдкія расліны.І гэтымі напрацоўкамі падзяліліся з Нацыянальным паркам.
А ў снежні Смятаніны стала сябрамі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.