Паўгады ў нямецкай сям’і: як яны праводзяць вечары і колькі зарабляюць (шмат фота)

Источник материала:  
31.03.2014 — Разное

Дом сям'і, у якой жыў Арсень. Яму на развітанне сям'я падарыла альбом. Усе здымкі, змешчаныя ў артыкуле, адтуль.

Вучань маладзечанскай СШ №5 Арсень Макей распавядае, як яму жылося ў нямецкай сям’і з дня ў дзень цэлых паў­года.

Арсень – пятнаццаты вучань, які паехаў у Хайнберг-гімназію Гётынгена па праграме “Стыпендыят” фонду ўсходняй Еўропы і педагагічнай службы па абмене.

Ён вярнуўся на радзіму, у Маладзечна, 17 сакавіка.

– Спачатку мне было вельмі складана, – прыгадвае першыя часы Арсень. – Не хапала ведання мовы. Толькі праз два месяцы стала лягчэй.

Якраз гэтыя два месяцы хлопец паглыблена вывучаў нямецкую мову. Гімназію ён не наведваў, а толькі адмысловыя моўныя курсы для замежнікаў.

У адной групе былі і азербайджанцы, і італьянцы, і іспанцы, і грэкі, і галандцы, і наш Арсень, беларус.

Чатыры гадзіны заняткаў штодзень – і праз два месяцы Арсень ужо ў гімназіі разам з нямецкімі вучнямі.

Дарэчы, Беларусь – не адзіная краіна, з якой супрацоўнічае Хайнберг-гімназія. Маладзечанец апынуўся ў класе разам з гімназістамі з Чылі, Італіі і нават Аўстраліі.



 


Арсень жыў у зялёным пакоі.

Што вывучаюць

Навучальная праграма ў Германіі вельмі розніцца з той, што мы маем у сваёй краіне.

– Усё ўперамешку. Па фізіцы і хіміі яны праходзяць тое, што вывучаў год таму. Біялогія ідзе паралельна з нашай праграмай. Па матэматыцы нейкія тэмы ўжо праходзілі раней, а нейкія яшчэ наперадзе толькі будуць, – адзначае Арсень.

Нямецкія школьнікі дадаткова праходзяць палітыку, рэлігію, філасофію, музыку, мастацтва.

– Я і ў нашу праграму ўключыў бы гэта. На палітыцы мы разглядалі партыі ў Германіі, сістэму праўлення іншых краін, іх праблемы, Еўрасаюз. Там дзеці не думаць, як бы прапусціць заняткі. Яны разумеюць, што адукацыя – самае важнае. Яна вызначае будучыню.


Хайнбергская гімназія, дзе вучыўся Арсень.


Абед можна заказаць загадзя і на свой густ

Харчаванне ў нямецкіх школах арганізаванае зусім інакш. Там існуе электронная сістэма з чыпамі. Абед заказваеш за тры дні з дому праз інтэрнэт. Можна заказаць адразу на тыдзень наперад на любыя дні.

Прымусовага харчавання там не існуе. Калі ў дзіцяці восем урокаў і бацькі хочуць, каб дзіця паела, яны заказваюць абед. Калі шэсць – то могуць і не заказваць. Кошт аднаго абеду – 3,5 еўра.

Жыццё ў сям’і

Арсеня прыняла да сябе сям’я Апераман. Маці завуць Хрысціяна, бацьку – Марцін, іх дзяцей – Нора і Хрыстаў. З дзяўчынай маладзечанец вучыўся ў адным класе, Хрыстаў на год за іх старэйшы.


У сям’і Арсень праводзіў амаль увесь вольны час. Яны разам хадзілі ў музеі, на прагулкі. Штовечар сям’я збіралася за сталом, і ўсе гулялі ў настольныя гульні: будавалі нямецкія замкі з картачак, было там і штосьці накшталт нашага даміно.

Час ад часу з’язджалася радня: сёстры і браты бацькоў, іх сем’і. Бабуля наведвала іх сям’ю штотыдзень, а часам і па два разы.


На шпацыры.


У вольны час − ляпіць скульптуры.


Кожны вечар уся сям'я збіралася за настольнымі гульнямі.

Як святкавалі Каляды

– Гэтае свята нашмат важней для іх, чым Новы год, – распавядае Арсень. – Адзначаюць яго тры дні. Першы дзень адзначаюць у сям’і. Ад вечара ідуць у храм, потым раскладваюць падарункі, а вечарам – святочная вячэра.

Смажаная індычка, розная гародніна і садавіна. На трэці дзень сям’я паехала да сваякоў у іншы горад, амаль усе сабраліся. Мне падарылі гітару, якраз вучуся іграць, а таксама нямецкія кнігі.


Якія яны – немцы

Дамы ў Германіі будуюць вялікія, у два, тры паверхі. Але не шматкватэрныя гмахі.

Там часта можна сустрэць вегетарыянцаў. Дарэчы, Арсень якраз трапіў у такую сям’ю. Для яго мяса было ледзь не далікатэсам. Таму нацыянальныя нямецкія стравы ён асабліва і не рассмакаваў – усё больш заморскія.

– Ну і людзі там, як бы мовіць, сухія. Беларусы больш жывыя, эмацыйныя, – дадае хлопец.

Дома па тэлебачанні глядзяць пераважна дэтэктыўныя, крымінальныя фільмы.

Моладзь забаўляецца, як і ў нас – прагулкі, кавярні, боўлінг, іншыя забавы.

– Мяне прымалі вельмі добра і вельмі цёпла, – усміхаецца Арсень. – Праўда, апошнім часам ужо хацелася дамоў, пачаў сумаваць.


У нямецкай сям'і ёсць яшчэ адзін дом. Месціцца ён у Аўстрыі. Туды сям'я выязджае адпачываць.



Аўстрыя. Музей крышталя Свароўскі.

Упершыню паедуць дзве дзяўчыны

Налета ў Хайнберг-гімназію ўпершыню паедуць адразу дзве стыпендыяткі – дзесяцікласніца Юлія Лясечка і дзевяцікласніца Крысціна Клімовіч, распавяла настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы №5 Зоя Дылеўская.

На час навучання фонд усходняй Еўропы і педагагічнай службы па абмене выдзяляе стыпендыю ў 2000 еўра. Гэтыя грошы ідуць на харчаванне ў школе, на падручнікі, на праязны, на розныя паездкі і мерапрыемствы, якія арганізоўваюць для вучняў, на кішэнныя расходы.

Заробкі ў Германіі

Паводле інфармацыі Федэральнага статыстычнага бюро, сярэдні месячны заробак у Германіі без выліку падаткаў, без уліку бонусаў на 1 квартал 2013 года склаў:

1. Інфармацыйна-камунікацыйныя паслугі – 4 488 еўра
2. Навуковыя, прафесійныя і тэхнічныя паслугі – 4 059 еўра
3. У адукацыі – 3 966 еўра
4. На вытворчасці – 3 599 еўра
5. У сферы мастацтва і забаў – 3 391 еўра
6. У ахове здароўя і сацыяльных паслугах – 3 368 еўра
7. У дзяржаўным кіраванні – 3 355 еўра
8. У сферы рыначных паслуг – 3 307 еўра
9. У транспартаванні і складзіраванні – 2 877 еўра
10. У будаўніцтве – 2 639 еўра

Для параўнання: сярэдні заробак у Беларусі ў пераліку складаў 383 еўра.


←Открытие выставки Рипсиме Геворкян

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика