Маладзечанка Людміла: “У дзіцяці лепшы сябар – перфаратар”

Источник материала:  
04.03.2014 — Разное

Людміла толькі нарадзіла, калі яе ўласная кватэра ператварылася ў вар’яцкі дом…

– Як толькі нашы новыя суседзі набылі кватэру, то зазірнулі да мяне і папярэдзілі: “Мы збіраемся рабіць рамонт, але будзем прыходзіць да вас і папярэджваць, у які час. Калі вам будзе нязручна, знойдзем кампраміс”, – распавядае Людміла.

Адразу мы ўзрадаваліся, падумалі: во людзі разумныя! Але на справе ўсё апынулася іначай. Спачатку сусед сапраўды нас некалькі разоў папярэджваў. Аднак потым мы ўжо пачалі хадзіць да яго самі.

Дзверы нам адчынялі розныя рабочыя. Праўда, ім ніхто не сказаў, што нас трэба папярэджваць. І пачалося: рамонт ад 8 раніцы і да вечара. І рамонт жа не просты які, а натуральная перапланіроўка кватэры: сцены зносілі, батарэі мянялі…

Днём дзіця спіць, а яны пачынаюць свідраваць і сцены бамбіць. Усё, зразумела, сыплецца ў іх на падлогу. А ў нас такое адчуванне, што землятрус пачаўся. Мы жывём на першым паверсе… Дзіця пачало ўздрыгваць, цяпер усяго палохаецца. Жонка ж нашага суседа на гэта адказала так: “Маленькія дзеці ў такім узросце нічога не чуюць”.

У адзін дзень яны па­чалі нас тапіць: на кухні па шпалерах пацякла вада. Пайшла да іх, там сантэхнік, сказаў, падыдзе хутка. Ад 17 гадзін вечара да самай ночы я яго чакала, але дарэмна. Ніхто да нас так і не прыйшоў.

Потым у дзіцячым пакоі пачала адыходзіць сцяна, з’явіліся шчыліны. Калі ж сусед пачаў рабіць рамонт у прыбіральні, смецце пасыпалася і да мяне ў туалет.

Прасілі спыніць рамонт хаця б на гадзіну, каб пахрысціць дзіця


Хрысцілі дзіця дома і давялося прасіць, каб хоць гадзіну цішыня пабыла. Работнікі пагадзіліся. Гадзіну пацярпелі.

Выхадныя, будні, раніца ці ноч, працы ішлі ўвесь час.

Аднойчы, было ўжо калі 23 гадзін вечара, яны паставілі новую сцяну і пачалі перастуквацца, мабыць, правяралі, як паставілі. Дзіця амаль заснула, але з такой стукатнёй, вядома, не заснеш. Пайшла да іх, кажу: “Можа, разам з вамі пастукаць, каб справа хутчэй пайшла?” Тут ужо пасыпаліся абразы.

А калі патэлефанавала ў міліцыю, каб спытаць, у які час павінна быць цішыня, мне адказалі: ад 8 раніцы да 23 гадзін вечара можна рабіць усё, што ўздумаецца.

Неяк давялося ў бальніцу легчы, дык яна падалася раем у параўнанні з уласным домам. Цішыня.

Скончылася гэта ўсё праз паўгода, 31 снежня. Суседзі засяліліся.

Каментуе “Камунальнік”


Як паведамілі ў “Камунальніку”, калі чалавек не выконвае нормы пры рамонце, шуміць, варта звяртацца ў ЖРЭУ. Работнікі домакіраўніцтва павінны ўпэўніцца, што суседзі сапраўды парушаюць не толькі ваш спакой, але і закон, і тады складаюць адпаведны акт.

Для гэтага апытваюць іншых суседзяў, спрабуюць заспець момант парушэнняў. Спецыялісты Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі замяраюць узровень шуму, каб пераканацца, ці перавышае ён дазволены ўзровень. Калі суседзі дазваляюць сабе яшчэ і абразіць вас − з гэтым звяртайцеся ў міліцыю.

Рабіць рамонт можна толькі ў рабочыя дні ад 9 да 19 гадзін. Тэлевізар і музыка не павінны перашкаджаць суседзям. Ад 23 да 7 гадзін павінна быць цішыня.

На баку Людмілы ў гэтым выпадку быў закон. Паводле Палажэння аб парадку пераўладкавання і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных дамах забараняецца:

1. праводзіць у выхадныя і святочныя дні работы, якія ствараюць шум і вібрацыю.

2. пачынаць работы, якія ствараюць шум ці вібрацыю, раней за 9 гадзін ці пазней за 19 у рабочыя дні.

3. прымяняць абсталяванне і інструменты, ад працы якіх узровень шуму і вібрацыі перавышае дапушчальныя санітарныя нормы.

Карыстацца тэлевізарам, радыё, магнітафонамі і іншымі гучнымі прыладамі можна толькі тады, калі гук не парушае спакою жыхароў жылога дома. Ад 23 да 7 гадзін павінна быць цішыня.

Калі суседзям хочацца слухаць гучную музыку ці тэлевізар ноччу − няхай купляюць навушнікі. З рамонтам давядзецца спраўляцца ў вызначаны законам час.



←Команданте и его дело

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика