У школе на Мядзельшчыне адкрылі музей, прысвечаны Максіму Танку

У літаратурна-краязнаўчым музеі імя Максіма Танка
У Сваткаўскай сярэдняй школе імя Максіма Танка 21 лютага пасля рээкспазіцыі адкрылі літаратурна-краязнаўчы музей. Ён таксама носіць імя знакамітага земляка.Адбылася гэта падзея ў рамках педагагічнага праекта “Дарога да Максіма Танка”.
Музей у гэтай школе створаны невыпадкова. Максім Танк (сапраўднае імя Яўген Скурко) нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына, за некалькі кіламетраў ад Сватак. А ў 1925-1926 гадах вучыўся ў Сваткаўскай школе. Першапачаткова музей быў адкрыты ў 1982 годзе. Яго заснавальнікам стаў настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Берняковіч. Тады музей размяшчаўся ў асобным будынку. З цягам часу будынак прайшоў у заняпад, і экспанаты размясцілі ў пакоі ў школе. А цяпер зрабілі рамонт у адным з былых кабінетаў, прадумалі і размясцілі экспазіцыю.
На адкрыцці гучаў расказ пра Максіма Танка, вершы народнага паэта Беларусі, а ў выкананні народнага ансамбля “Натхненне” з Мядзела – і песні на яго словы.
Удзельнікі пабывалі на могілках ў вёсцы Новікі, дзе пахаваны Максім Танк разам жонкай Любоўю. Там ушанавалі памяць песняра, усклалі кветкі. Тут зноў жа гучалі вершы паэта.
А перарэзалі стужку на адкрыцці музея начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага райвыканкама Таццяна Яфімава і паэт, зямляк песняра Рагнед Малахоўскі.
У экспазіцыі музея сем раздзелаў. Сярод іх такія, як “Шчодрая на таленты зямля”, “Дзе карані мае, адкуль мой род пачаўся?”, “Прайсці праз вернасць”.
У музеі можна пабачыць рэчы, фатаграфіі і дакументы Максіма Танка, выданні яго кніг.
– Якія самыя цікавыя экспанаты тут? – пытаю ў кіраўніка музея Святланы Шылько.
– Мяркую, гэта выданне, якое Максім Танк прывёз у школу ў 1982 годзе і падпісаў “Сябрам краязнаўчага музея ў Сватках”. І яшчэ адна кніга, таксама з подпісам: яе паэт у 1963 годзе падарыў настаўніку беларускай мовы і літаратуры школы Мікалаю Пашкевічу.
– А да старой экспазіцыі ці дадаліся якія экспанаты?
– Так. Навучэнцы разам з настаўнікамі стварылі радавод Максіма Танка, знайшлі цікавыя факты, якія вядомыя толькі родным. Дапамагала ў стварэнні радаводу сваячка Максіма Танка па жончынай лініі Зінаіда Асаевіч з Мінска – яна таксама прыехала на адкрыццё. Яшчэ дадалася экспазіцыя “Калыска песні паэта” – тут прадстаўлена мадэль вясковай хаты часоў маленства песняра.
Экскурсію па музеі праводзяць навучэнцы: дзевяць школьнікаў з 7 па 11 клас, якія ўваходзяць у вучнёўскі актыў. А яшчэ рыхтуюць юных экскурсаводаў – чацвертакласнікаў. Яны будуць праводзіць экскурсіі ў скарочаным варыянце.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота забяспечанаСвятланай Шылько.