Праз паўгода навучання ў Германіі Арсень вяртаецца ў Маладзечна
Злева – маладзечанец Арсень Макей, вучань СШ №5, які паўгода правучыўся ў Германіі па праграме “Стыпендыят” фонду ўсходняй Еўропы і педагагічнай службы па абмене. Справа ад яго – Нора і Хрыстаў, сястра і брат, у сям’і з якімі падчас навучання ў чужой кра
Напярэдадні Дня жанчын, 7 сакавіка, дэлегацыя з Маладзечна едзе на дзесяць дзён у нямецкі горад Гётынген. Там, у Хайнберг-гімназіі, паўгода правучыўся вучань сярэдняй школы №5 Арсень Макей.Ён – 15-ты школьнік, які паехаў вучыцца па праграме “Стыпендыят” фонду ўсходняй Еўропы і педагагічнай службы па абмене.
Часта атрымлівалася, што ўдзельнікі праграмы фактычна гублялі год, бо яны не мелі магчымасці засвоіць школьную праграму і заставаліся ў тым жа класе. Некаторыя здавалі экзамен экстэрнам і пераводзіліся.
Сёлета Арсень прыязджае раней, чым іншыя стыпендыяты. У яго наперадзе яшчэ навучальная чвэрць, таму застацца на другі год яму не пагражае.
– Гэтай сустрэчай мы працягваем праект “У гульні гуляем, гульні распрацоўваем”, – распавядае настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы №5 Зоя Дылеўская. – Калі ў верасні да нас прыязджалі госці з Германіі, мы разам з імі ладзілі гульні, звязаныя з нашай мясцовасцю. Удзельнікі фатаграфавалі розныя месцы горада.
Цяпер мы вязём ім створаную намі карту, дзе скарысталі здымкі, зробленыя падчас іх прыезду. Вучням давядзецца прыгадаць, што гэта за месцы.
У Гётынген едуць дзевяць вучняў і двое настаўнікаў, якія і прымалі ў верасні замежных гасцей. Разам з Зояй Дылеўскай едзе Алена Парахня, завуч па выхаваўчай рабоце. З імі будзе і эндакрынолаг маладзечанскай дзіцячай паліклінікі Алена Запрудская.
У межах супрацоўніцтва з Хайнберг-гімназіяй ладзяцца сустрэчы ў падтрымку хворых на цукровы дыябет.
Заўсёды госці з Германіі прывозяць паўтары тысячы спецыяльных тэст-палосак для хворых дзяцей.
У Гётынгене падчас сакавіцкага прыёму беларусаў запланаваная і сустрэча з нямецкім доктарам. А наш доктар адзін дзень ад раніцы да вечара правядзе побач з ім. У Алены Запрудскай будзе магчымасць паназіраць за працай доктара ў нямецкай установе аховы здароўя.
– Гэта заўсёды вельмі цікава, – лічыць спадарыня Зоя. – У Германіі нашмат больш хворых на дыябет, чым у нас. Аднак і тэхналогіі лячэння іншыя, новыя.
Выязджае група ў пятніцу. Выхадныя яны правядуць у нямецкіх сем’ях. Тры дні беларускія дзеці правядуць на занятках у нямецкай гімназіі. Запланаваныя і экскурсіі, і паездка ў аквапарк, і паход у танцавальную школу, і гульні ў спартзале, і міні-гольф. Будзе і сустрэча з мэрам Гётынгена.
Занятыя ўдзельнікі паездкі будуць ад 9 раніцы да 16 гадзін вечара. Астатні час праводзяць у сям’і, якая іх прымае.
Напрыканцы, па традыцыі, на развітальнай сустрэчы Хайнберг-гімназія назаве новага вучня сярэдняй школы №5, якога запросяць на наступны год у Германію.
– На гэту сустрэчу прыходзяць усе сем’і, якія прымаюць нас, – дадае спадарыня Зоя. – І бабулі, і дзядулі. І ўсе дзеляцца сваімі ўражаннямі ад сустрэч і часу, праведзенага разам.