Вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі на трасе Мінск–Мядзел, у якой загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку гадавалае дзіця (ФОТА)
Як адбылася аварыя, яе прычыны, у якім стане тыя, хто выжыў: “Рэгіянальная газета” звязалася з намеснікам начальніка РАУС, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Андрэем Дударчыкам, які выязджаў на месца ДТЗ.
Аварыя здарылася на трасе Мінск–Мядзел паблізу вёскі Ерхі Вілейскага раёна ўчора, 16 лютага каля 18 гадзін. Аўтамабіль “Фольксваген-Бора”, на якім ехалі пяць чалавек, занесла на праязной частцы і бокам вынесла на сустрэчную, па якой рухаўся “Опель-Зафіра”. Усе спробы кіроўцы прадухіліць страшнае здарэнне апынуліся безвыніковымі. Адбылося сутыкненне.
У ДТЗ пацярпелі сем чалавек. Чацвёра загінулі, усе з “Фольксвагена-Бора”: кіроўца, яго родны брат, жыхар Мінска, жонка брата і іх малое дзіця. Хлопчыку 12 снежня споўніўся годзік.
Васьмігадовая старэйшая дачка загінулых мужа і жонкі цяпер у цяжкім стане знаходзіцца ў рэанімацыі ў Маладзечанскай дзіцячай бальніцы.
“Хуткая” забрала ўсіх, каму магчыма было дапамагчы. Мужчына і жанчына, жыхары Мядзельшчыны, якія ехалі ў “Опелі-Зафіра”, цяпер у Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Здарэнне магло адбыцца з-за дрэннага стану гумы. Пярэднія колы аўтамабіля “Фольксваген-Бора” былі ў нармальным стане, а заднія – зношаныя.
– Хутчэй за ўсё, менавіта гэта і стала прычынай здарэння, – лічыць Андрэй Дударчык. – Таму што дарожнае пакрыццё там нармальнае.
На месца аварыі выязджала не толькі аператыўная група, там былі начальнік і супрацоўнікі Вілейскага РАУС, супрацоўнікі вілейскага Следчага камітэта, супрацоўнікі абласных структур. Толькі ў чатыры гадзіны раніцы міліцыя і Следчы камітэт скончылі аператыўныя дзеянні.
Каментуе відавочца
– Былі складаныя ўмовы надвор’я. Снег перастаў, але дарога была такая, што ўсе ехалі па каляіне, – распавёў Onliner.by Дзмітры, які стаў відавочцам ДТЗ. – “Фольксваген-Бора” рухаўся на машыне наперадзе мяне. Хуткасць была нізкай. У нейкі момант гэты аўтамабіль занесла, развярнула, ён апынуўся на сустрэчнай паласе і упёрся ў “адбойнік”. Машына стала папярок руху. У наступны момант у яе урэзаўся сустрэчны “Опель”. А ў кампактвэн – “Фольксваген-Расат”.
Па словах Дзмітрыя, людзі з “Опеля” змаглі выбрацца з салона самастойна. Яны літаральна выпалі з аўтамабіля. Кіроўца, па словах сведкі аварыі, не мог дыхаць, нібы ў яго прыхапіла сэрца.
– Мы ж адразу кінуліся да “Фольксвагена”. Удар прыйшоўся роўна пасярэдзіне салона. Была злавесная цішыня, ішла пара з-пад капота, – дапоўніў Дзмітры. – Дзверы выломлівалі ўтрох-учатырох. Першае, што кінулася ў вочы, – у салоне не было дзіцячых аўтакрэслаў. Узялі дзіця, яму на выгляд год-паўтара. Думалі, можа, неяк можна выратаваць. Тэлефанавалі ў “хуткую” з пытаннем, што рабіць. Прычым звярталіся ў першы раз каля 18:30, другі – хвілін праз 20-25. Дактары яшчэ ехалі. Але там сказалі: чакайце. Хвілін праз 15 пасля аварыі застагнала дзяўчынка гадоў 5-6, яна знаходзілася пад целам жанчыны. Калі б яе не дасталі, яна магла б задушыцца. Наперадзе знаходзіліся двое мужчын, яны былі прышпіленыя, але там без шанцаў – крэслы былі моцна змятыя. Яшчэ раз хачу звярнуцца да ўсіх бацькоў: купляйце аўтакрэслы, калі возіце дзяцей ў аўтамабілі!
Настасся РОЎДА.
Фота mvd.gov.by, 112.by.