Рызыкуючы жыццём, патушылі пажар на запраўцы
аператар Сяргей Трацэўскі
Больш за дваццаць тысяч праглядаў на YouTube, сотні каментарыяў на папулярным беларускім сайце... Немалую цікаваць выклікаў зняты відавочцам 30 снежня ролік пра загаранне іншамаркі на аўтазаправачнай станцыі №11 “Беларуснафты” ў Мядзеле.Ацанілі каментатары і тое, як хутка пажар быў ліквідаваны: “Супрацоўнік запраўкі малайчына, не разгубіўся!”, “Работніку прэмію!”
Першым кінуўся тушыць машыну малады аператар Сяргей Трацэўскі.
– Быў на змене на газавай запраўцы, – узгадвае ён той дзень. – Убачыў, як ля калонкі на АЗС загарэўся аўтамабіль і адразу пабег тушыць.
– Не баяліся?
– Нават неяк і не задумаўся пра гэта.
А загарэлася ля адной з палівараздатачных калонак аўтамашына “Фальксваген Гольф-2”. Кіраваў ёй чалавек паважнага ўзросту – 83 гады мае!
– Ён расказаў, што наліваў бензін у жалезную каністру ў багажніку, – дзеліцца Сяргей. – Пэўна, калі закрываў яе, узнікла статычнае напружанне, з'явілася іскра, і загарэлася. Мужчына выкінуў каністру з машыны, паліва разлілося. Словам, загарэлася і машына, і бензін на асфальце. І ў вадзіцеля рукі абгарэлі – выклікалі потым “хуткую”.
Глядзелі ў запісе: 30 секунд прайшло, як загарэлася машына, а яшчэ паўхвіліны – і патушылі ўжо. Справілася самі, выратавальнікаў выклікаць не давялося. Дзейнічалі згуртавана: тушу – заўважаю, што ў вогнетушыцелі ціск стаў падаць. Паляцеў за другім – гляджу: ужо наш майстар Пётр Станіслававіч Тачыцкі з другога боку тушыць. Супрацоўнікі станцыі выбеглі, крычалі людзям, каб адыходзілі.
– У каментарыях у інтэрнэце шмат добрых слоў у ваш адрас выказана. Многія пішуць, што вы прэміі заслугоўваеце...
– Можа, дадуць, – усміхаецца Сяргей. – З Маладзечна кіраўніцтва прыязджала, хваліла нас, што аператыўна патушылі.
– Вас гэтаму і вучаць...
– Так. Штогод праходзім навучанне па тэхніцы бяспецы. Вядома, вучымся і як з вогнетушыцелем абыходзіцца.
– А што кіроўцам параіце рабіць, каб падобных выпадкаў не было?
– Строга выконвайце ўсе правілы пры запраўцы машыны. А ў гэтым выпадку, па ідэі, каністру трэба было на зямлю ставіць, а не ў багажніку яе напаўняць – каб зазямліць.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.
Чытайце на гэту тэму таксама:
Даведка "РГ". YouTube – гэта сусветна вядомы сэрвіс, які дае магчымасць карыстальніку праглядаць і размяшчаць відэафайлы на сваіх серверах (відэахостынг).
YouTube з'яўляецца самым папулярным відэахостынгам ў свеце.
Калі аўтамабіль загарэўся
Што трэба рабіць, калі загарэўся аўтамабіль, распавёў галоўны спецыяліст дзяржпажнагляду Мядзельскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Юры Вашкінэль:
– Уключаем аварыйку, высаджваем пасажыраў. Калі ў салоне машыны чалавек, а дзверы заклінавала, выбіваем шкло.
Адшчэпліваем капот. Па нумары 101 выклікаем выратавальнікаў або просім кагосьці гэта зрабіць. Калі дым ідзе з-пад капоту, яго трэба адкрываць асцярожна, лепш збоку. Шырока адкрываць капот не варта: прыток кіслароду толькі дасць агню разгарэцца.
Накіроўваем струмень вогнетушыцеля на ачаг загарання. Для ліквідацыі выкарыстоўваем шчыльную тканіну, брызент, пясок, снег.
Калі вы не можаце справіцца з полымем і агонь ахоплівае ўсю машыну – лепш не рызыкуйце. Адыдзіце на бяспечную адлегласць самі і адвядзіце людзей.
Аўтамабілі, якія знаходзяцца побач, трэба адкаціць у бок або паліць вадой, каб агонь не перакінуўся на іх.