Янотаў бачыце? Не? Значыць пра анамаліі ў надвор’і гаварыць рана.

Источник материала:  
17.01.2014 — Разное

Анамальна цёплае надвор’е ў студзені змяніліся рэзкім пахаладаннем. Усё гэта выклікае шмат размоў і хваляванняў. Што гэта: анамаліі і катаклізмы? Ці значыць гэта, што ў маі можа выпасці снег і загіне ўвесь ураджай? Ці пара біць трывогу і рыхтавацца да глабальнага пацяплення?

Вячаслаў Лапко, начальнік вілейскай гідраметэастанцыі, каментуе гэта так:

– Такой зімы не было амаль 40 гадоў. Канешне, гэта анамалія. Клімат мяняецца. І на стане людзей, і на стане прыроды адбіваецца. І гэта нядобра.

Надвор’е, якое прыйшло ў пачатку гэтага тыдня, нарэшце, можна лічыць пачаткам зімы. Па ўсіх прагнозах, зіма ўсталюецца на Беларусі. Але ненадоўга.

У хуткім часе нас зноў чакаюць адлігі.

Аднак спецыялістаў па сельскай гаспадарцы такое надвор’е трывожыць. Канешне, у сярэдзіне студзеня яшчэ рана гаварыць пра ўраджай гэтага года, але ў цэлым становішча для азімых не з лепшых.

Такое надвор’е для раслін не самае лепшае

Распавядае намеснік старшыні СВК “ Гудагай” Андрэй Вінча:

–Ужо цяпер збожжавыя і рапс пачалі вегетацыю. І гэта блага. Блага таксама і тое, што на цёплую, незамерзлую зямлю выпаў снег. Гэта пагражае раслінам выправаннем. Ім проста пад снежным покрывам робіцца горача, і яны пачынаюць прарастаць. Якраз у мінулым годзе такое і было. Снег лёг у сакавіку на ўжо цёплую глебу, ад гэтага ўраджай значна пацярпеў. Тое самае можна сказаць і пра зваротную сітуацыю: калі надыходзяць вялікія маразы, а снежнага покрыву няма, то расліны непазбежна вымярзаюць.

Якія расліны найбольш адчувальныя да рэзкіх змен у надвор’і?

– Самая адчувальная расліна – гэта рапс. Адзін раз на тры гады ў нас рапс вымярзае.

Самая ўстойлівая – гэта жыта. Яшчэ шмат чаго залежыць ад глебы. Калі вы з восені падкармілі яе фосфарам і каліем, то вашым раслінам перазімаваць будзе лягчэй.

А як захаваць расліны ад выправання ці вымярзання?

– Калі ў вас участак метр на метр, парады даваць проста. Калі ляжа снег, а на вуліцы амаль нулявая тэмпература, проста прыбярыце снег, каб расліны не пацелі. А калі ўдарыць мароз – закрыйце плёнкай. Іншая справа, калі засеяная вялікая плошча. Тут толькі спадзяванне на лепшае.

Усё ў прыродзе адбываецца своечасова

Эколагі, у адрозненне ад аграномаў, лічаць, што трывогу біць не трэба.

– Ніякай анамаліі ў прыродзе няма. Усё калісьці было: і снег у Егіпце, і Ніагарскі вадаспад замярзаў. Перыяды пацяплення змяняюцца перыядамі пахаладання. Але, як не дзіўна, на Вадохрышча ўсё роўна маразы. Захочаш нырнуць у палонку – і на табе, мінус 20, – гаворыць начальнік Маладзечанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў.

У адным з гістарычных дакументаў я калісьці прачытаў, што Радзівілы ў Калінінградскім краі прадавалі сваю маёмасць, у якой былі і вінаграднікі. Клімат калінінградскі падобны да беларускага. Калі тады рос вінаград, ці не цяплейшымі былі зімы?

– А ці запомніліся вам цёплыя зімы, акрамя сёлетняй?

– У 1997 або 1998 годзе, я дакладна памятаю, бярозавы сок пачалі нарыхтоўваць 27 лютага.

Цяпер я таксама назіраю за прыродай: ні дрэвы не распускаюцца, ні звяры не прачынаюцца. Вось яноты. Гэта прыродныя барометры. Вы бачылі, каб яны хадзілі па Маладзечне? Не? Значыць, спяць. І яшчэ прывяду прыклад мінулагодні. Памятаеце, снег сышоў толькі ў красавіку, сельгасработы пачаліся толькі ў канцы красавіка. А на свята 9 Мая сады ўжо цвілі. Так што, усё прыйдзе своечасова. Няма падстаў для хваляванняў.

А як надвор’е ў свеце?

Зіма 2013 – 2014 года здзіўляе жыхароў усяго свету.

14 снежня сапраўднай сенсацыяй прагучала тое, што ў Афрыцы выпаў снег, дакладней, не толькі ў Афрыцы.

Спачатку прыходзілі паведамленні, што снег выпаў у Ізраілі і Іарданіі. А потым ужо ўвесь свет абляцелі фотаздымкі, на якіх знакамітага егіпецкага Сфінкса прыцерушыла снегам.


Апошні раз снег у Егіпце выпаў у 1901 годзе ( 112 год таму), а гэта значыць, што шматлікія егіпцяне першы раз у жыцці пабачылі снег.

Літаральна праз месяц, з другой часткі свету, Паўночнай Амерыкі, прыйшло сенсацыйнае паведамленне, што замерз Ніагарскі вадаспад. Па праўдзе сказаць, і гэта здаралася не адзін раз. Аднак поўнасцю вада спынялася толькі раз – 29 сакавіка(!) 1848 года. І то, праз тое, што ледзяныя глыбы перашкаджалі плыні ракі.


Апошнія звесткі пра замерзшы вадаспад адносяцца да 1932 года. І вось у 2014 годзе, праз 82 гады, вадаспад зноў замерз. Вада не перастала цячы, але вадаспад быў больш падобны на пірожнае безе, якое зверху паліваюць малочнай глазурай.

Снег і моцныя маразы сталі сапраўдным стыхійным бедствам для жыхароў амерыканскага кантыненту. Тэмпература паветра ў Штатах апускалася ніжэй за 40 градусаў, снежны покрыў у некаторых раёнах дасягаў адзнакі ў 120 сантыметраў.


Прырода зноў і зноў прымушае спецыялістаў ламаць галаву: глабальнае гэта пацяпленне ці нешта іншае. А нам застаецца спадзявацца, што сюрпрызы, што рыхтуе нам прырода, будуць толькі прыемнымі.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР, pikabu.ru, www.dp.ru, www.chaspik.spb.ru.

←Лучший парильщик в Беларуси на Крещение проведет мастер-классы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика